Нацыянальная сітуацыя ў Беларусі на пераломе таталітарных часоў

16_lychЛыч, Леанід (2009). Міжнацынальныя дачыненні на Беларусі (верасень 1943 – кастрычнік 1964 г.). Мінск: “Галіяфы”

Агляд падрыхтаваны палітолагам, супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” Алесем Шамякіным.

_______________________________________________________________________________________

Кніга прысвечана дастаткова складанай тэме міжнацыянальных дачыненняў у кантэксце кардынальных сацыяльных і палітычных пераўтварэнняў, а менавіта, ліквідацыі нямецкай акупацыі Беларусі, крушэнню сталінскай сістэмы і надыходу хрушчоўскай “адлігі”.

У першым раздзеле, які тычыцца нацыянальнага жыцця ў ваенны час, аўтар закранае агульныя аспекты сацыяльна-эканамічнага становішча ў Беларусі падчас вызвалення ад нямецкай акупацыі. Тэму сацыяльна-эканамічнага развіцця аўтар таксама працягвае ў двух наступных раздзелах, адпаведна храналогіі разглядаемых перыядаў.

Аўтар падымае надзвычай актуальнае пытанне пра страты насельніцтва падчас нямецкай акупацыі. Прыводзяцца розныя дадзеныя стратаў па асобным катэгорыям, але спадзяванні чытача пра ясны падлік агульных стратаў не спраўдзяцца. Фактычна аўтар не зводзіць у адно і не дае абагульненне: ці страціла Беларусь кожнага трэцяга, ці кожнага чацвертага, ці кожнага шостага. (Падобна, што апошняя лічба найбольш блізкая да рэальнасці). І толькі мімаходзь аўтар адзначае пра страты сярод мірнага насельніцтва ад дзеянняў Народнага камісарыята ўнутраных спраў (НКУС) пасля выгнання нямецкіх войскаў (с. 22).

У тэксце кнігі спадар Лыч падняў вельмі дыскусійнае пытанне трагедыі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, якую знішчалі да вайны і якая мусіла пайсці на супрацоўніцтва з немцамі, “каб хоць неяк абараніць, часта рызыкуючы ўласным жыццём, інтарэсы самога ж беларускага народа” (с. 28). Напярэдадні наступлення савецкай арміі беларускія патрыёты былі вымушаны пацягнуцца на Захад, ратуючыся ад знішчэння бальшавікамі. Гэтую сітуацыю аўтар апісвае на прыкладзе лёсаў малодшага брата Якуба Коласа Міхала Міцкевіча (літаратурны псеўданім Антось Галіна), Масея Сяднёва, Яўхіма Кіпеля і іншых сыноў Беларусі. Тут жа аўтар гаворыць пра трагедыю не толькі беларускай інтэлігенцыі, але і пра трагедыю ўсёй беларускай нацыі, якая ў час “Вялікай Айчыннай вайны” вяла па сутнасці грамадзянскую вайну: “кроў, пралітая яе народам у выніку братазабойнай вайны, успрымалася і заўжды будзе ўспрымацца як вялікая трагедыя ў нашай гісторыі” (с. 30).

У другім раздзеле разглядаюцца такія тэмы як міжэтнічныя працэсы, сацыяльныя і міжнацыянальныя канфлікты ў заходніх абласцях Беларусі, а таксама асвета, навука, рэлігія ў сістэме міжнацыянальных дачыненняў. Аўтар слушна адзначае, што на прыканцы вайны ў цэнтральных дзяржаўных і партыйных органах СССР не было сумненняў наконт таго, што жыццё Беларусі будзе будавацца дакладна не нацыянальнай аснове (с. 74). Пра гэта сведчыць і той факт, што Цэнтр па ўласнай ініцыятыве дасылаў у Беларусь партыйныя кадры небеларускага паходжання. Такое знешняе кіраўніцтва не лічыла патрэбны падтрымліваць мясцовую культуру, пра што сведчаць дадзеныя наконт мізэрнай колькасці беларускіх школ.

Не абмінуў спадар Лыч балючае для Беларусі тэрытарыяльнае пытанне, а менавіта адарваныя землі Віленшчыны і Беласточчыны, на якіх разгортваліся свае нацыянальныя драмы, незаўважаныя савецкім кіраўніцтвам: “беластаўчане на першым часе пераўтварыліся ў сябе ж дома ў аб’ект страшэнных здзекаў і катаванняў з боку розных палітычных і ваенных сіл Польшчы, якія змагаліся за захоп улады… У ходзе такіх набегаў шмат згарэла вёсак і пралілося беларускай крыві” (с.81-82). Прыводзяцца дадзеныя пра вынікі рабаўнічай дзейнасці былых акаўцаў ў заходніх абласцях БССР, дзе толькі ў некалькіх раёнах было забіта больш за 200 мірных грамадзян (с. 98). Неадназначны характар у міжэтнічных працэсах мелі і міграцыйныя хвалі, як у Беларусь, так і з Беларусі.

Асобна разглядаюцца нацыянальна-патрыятычныя арганізацыі беларускай моладзі. У прыватнасці Слонімская падпольная арганізацыя “Чайка”; наваградскі “Саюз вызвалення Беларусі”, якія разам са студэнцкімі канспіратыўнымі суполкамі з Баранавічаў і Брэста ўтварылі Цэнтр беларускага вызваленчага руху; “Саюз беларускіх патрыётаў” і іншыя.

Аўтар апісвае як бесчалавечна і жорстка савецкая ўлада распраўлялася з маладымі беларускімі патрыётамі, напрыклад, за малюнак герба “Пагоня” Аляксандры Умпіровіч прысудзілі 25 гадоў турмы (с. 94). Не можа нікога пакінуць абыякавым лёс беларускага паэта Сяргея Новіка-Пеюна, які спачатку знаходзіўся ў польскіх засценках, падчас нямецкай акупацыі ледзь не загінуў, а за саветамі быў асуджаны на самае цяжкае ў сваім жыцці пакаранне (с. 96). Характарызуючы сітуацыю ў заходніх абласцях БССР, аўтар адзначае, што: “да пачатку 50-х гадоў войскам МУС БССР так і не ўдалося пераўтварыць заходнія землі Беларусі ў спакойны край” (с. 96).

У другім раздзеле спадар Лыч таксама разглядае працэс саветызацыі беларускай гісторыі і навязвання небеларускай гістарычнай візіі, апісвае працэс русіфікацыі ў розных сферах грамадскага жыцця і занядбанне беларускай мовы.

Трэці раздзел прысвечаны зменам у нацыянальнай палітыцы і спробам фармавання новых падыходаў да яе правядзення пасля смерці Сталіна. Тут аўтар засяроджваецца на значэнні для беларускай справы палітычных зменаў на вышэйшым узроўні ў Маскве. Смерць Сталіна і часовае ўзвышэнне Берыі паўплывалі на пэўны перагляд падыходаў у нацыянальным беларускім пытанні, калі была спроба змяніць вышэйшае кіраўніцтва ў БССР. Дзеля гэтых мэтаў выкарыстоўвалася крытыка антыбеларускай палітыкі тагачаснага партыйнай бюракратыі. Аднак спроба замены расейца Мікалая Патолічава на дасланага з Масквы беларуса Міхаіла Зімяніна, у прамовах якога адзначалася неабходнасць беларусізацыі, правалілася, у тым ліку і таму, што зноў наступілі змены на вышэйшым палітычным узроўні, а таксама ідэя беларусізацыі сутыкнулася з моцнай апазіцыяй ў БССР.

Аўтар працягвае разглядаць як адбываліся і да чаго прывялі працэсы асіміляцыі ў сферы культуры, а менавіта да сур’ёзных стратаў у нацыянальным духоўным патэнцыяле беларусаў так, як ні ў адной іншай нацыі савецкай дзяржавы.

Аналізуючы характар міжэтнічных дачыненняў у Беларусі, аўтар прыходзіць да высновы, што: “фактычны матэрыял адлюстроўвае вялікую складанасць і супярэчлівасць міжэтнічных працэсаў на Беларусі, што з’явіліся вынікам увасаблення ў жыццё нацыянальнай палітыкі КПСС, магістральны напрамак якой яна бачыла ў паслядоўным збліжэнні і зліцці савецкіх нацый і народнасцей” (с. 263).

Закранаецца ў кнізе і пытанне беларускай дыяспары як у суседніх з Беларуссю краінах, так і на Захадзе. Аўтар адзначае галоўныя тэндэнцыі ў развіцці беларускага насельніцтва, што працягвала жыць на сваёй зямлі, але ў выніку рашэнняў савецкага кіраўніцтва апынулася па-за межамі Беларусі. На жаль галоўнай тэндэнцяй стала паступовая асіміляцыя беларусаў. Як слушна адзначае аўтар, не апошнюю ролю ў гэтай асіміляцыі грала “дэградацыя нацыянальнай культуры ў самой Беларускай ССР” (с. 265). Аўтар звяртаецца і да беларускіх дыяспар на Захадзе, апісваючы агульныя бакі з іх жыцця, перш за ўсё дзейнасць у галіне культуры і літаратуры.

Кніга Леаніда Лыча, безумоўна, з’яўляецца цікавай працай, якая заслугоўвае вялікай увагі. Аўтар дэманструе добрае веданне матэрыялу і ўдала акцэнтуе самыя важныя аспекты нацыянальнага развіцця Беларусі ў дастаткова складаны для нашай гісторыі час.

Check Also

26–27 кастрычніка 2018. Грамадскі форум Літвы і Беларусі «Што нас аб’ядноўвае?»

Літва і Беларусь – гэта не толькі краіны-суседзі. Народы гэтых дзяржаў, акрамя гісторыі, якая сягае ...

Яндекс.Метрика