Слізкасць аналізу беларускай ментальнасці

09_mentalnastКириенко В. В. (2009) Белорусская ментальность, истоки, современность, перспектывы. Гомель: ГГТУ им. П. О. Сухого.

Агляд падрыхтаваны палітолагам Кірылам Ігнацікам.

______________________________________________________________________________________

Кніга Віктара Кірыенкі – доктара сацыялагічных навук, прарэктара па выхаваўчай працы Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта імя Сухога – ставіць за мэту адказаць на складаныя пытанні прыроды беларускай ментальнасці, менталітэту і нават этнагенезу. Пры гэтым з практычнага пункту гледжання яна прэтэндуе на абазначэнне вектараў сацыяльнай, культурнай і геапалітычнай арыентацыі Беларусі. Кніга мае прэтэнзію выклікаць цікавасць шырокага спектру спецыялістаў у галіне сацыяльных і гуманітарных навук, а менавіта філосафаў, палітолагаў, сацыёлагаў, эканамістаў, гісторыкаў і “ўсіх тых хто цікавіцца гісторыяй станаўлення беларускага этнасу і беларускай нацыі, а таксама матэрыяльнай і духоўнай культуры і менталітэту беларусаў”.

У анатацыі да кнігі сказана, што ў сувязі з набыццём Беларуссю дзяржаўнага суверэнітэту ў грамадстве з’явілася патрэба ў асэнсаванні нацыянальнай самабытнасці. На гэтую “патрэбу часу” у перапынках паміж выкананнем сваіх непасрэдных абавязкаў –ідэалагічная і інфармацыйная праца – аўтар спрабуе адказаць у меру сваіх гістарычных і сацыялагічных ведаў. Уласна цэнтральная тэза аўтара, што ўсведамленне нацыянальнай самабытнасці становіцца патрэбным толькі пасля набыцця незалежнасці, а не наадварот, накладвае на рэцэнзаваны тэкст вялікі адбітак.

З метадалагічнага пункту гледжання Кірыенка пазіцыянуе сябе як прыхільніка школы Аналаў, альбо як яе яшчэ вызначаюць – новай французскай гістарычнай школы. Школа па-новаму (у кантэксце сярэдзіны ХХ стагоддзя) разглядала гістарычныя працэсы, спрабуючы стварыць «татальную» гісторыю і апісаць ўсе існуючыя грамадскія сувязі — эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя і культурныя. Пры гэтым аўтар рэцэнзаванай кнігі рэпрэзентуе сябе як аднаго з лепшых у СНД даследчыкаў менталітэту, які выкарыстоўвае сацыялагічныя метады, хаця нельга сказаць, што робіць ён гэта дастаткова ўдала.

У цэнтры даследавання пакладзена ідэалагема, якую аўтар даводзіць у ва ўсёй кнізе, – асаблівасць фарміравання беларускай нацыі палягае ў знаходжанні ў цэнтры Еўропы, на стыках Захаду–Усходу, пры ўнікальным узаемадзеянні розных культуры і народаў – вялікаросы, маларосы, палякі, а таксама балтаў, яўрэяў і нават цыган. Пры гэтым аўтар ні якім чынам не паказвае, што такая сітуацыя ўзаемапранікнення культураў характэрная для абсалютнай большасці еўрапейскіх этнасаў.

Сацыялагічны элемент кнігі складаюць вынікі апытанняў, якія праводзіліся ў Беларусі, Украіне і Расіі з мэтаю выявіць як беларусы, украінцы ды расейцы ставяцца да сябе, розных грамадскіх інстытутаў, прыватнай уласнасці, а таксама ўспрымаюць “чужыя” народы – немцаў, літоўцаў, амерыканцаў і г.д. Аналізуючы вынікі даследавання, аўтар робіць выснову аб блізкасці ўсходніх славян і “чуждости” для беларусаў, немцаў і асабліва амерыканцаў, якія фармавалі сваю дзяржаўнасць у грамадзянскіх войнах, а беларусы ў войнах са знешнімі ворагамі.

Больш за тое, кажучы пра развіццё беларускага этнасу ў такіх дзяржавах, як Кіеўская Русь, ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і нават СССР, аўтар сцвярджае, што ва ўсіх пазначаных кантэкстах беларусы не толькі не прыгняталіся, а, наадварот, паспяхова развіваліся, знаходзілі абарону і магчымасць самарэалізацыі, ўспрымалі “вялікія дасягненні матэрыяльнай і духоўнай культур сваіх больш моцных славянскіх суседзяў”.

У кнізе таксама прыводзіцца дастаткова своеасаблівае вызначэнне менталітэту. На думку Кірыенка – гэта моцны, у значнай ступені несвядомы эмацыйнанасычаны, “своеобразный зов предков”, які ідзе ад пакалення да пакалення (с. 7). Далей падаюцца і больш разгорнутыя фармулёўкі менталітэту і пазначаюцца дастаткова спрэчныя фактары яго фарміравання.

Скрозь кнігу праходзіць думка, што ўсе ментальныя ўласцівасці гавораць аб адасобленасці беларусаў ад заходняга свету. У выніку нашы суайчыннікі па сваёй прыродзе не могуць успрыняць заходнія формы кіравання. Дзяржаўнае ўладкаванне усходніх славянаў, у тым ліку і беларусаў, звязваецца з самаўладдзем, якое дапамагала пераадолець супярэчнасці, згуртавацца для стваральнай дзейнасці і кансалідавацца для супрацьдзеяння чужым, варожым знешнім сілам.

Кірыенка рашуча і паслядоўна выступае супраць усталявання заходніх формаў арганізацыі ўлады ў Беларусі, бо нават прыродны ландшафт, структура насельніцтва і іншыя фактары прымушаюць беларусаў у рэальнай практыцы кіравацца дакладным разуменне таго, што свабоды заходняга ўзору ім даваць нельга. У якасці аргументу аўтар узгадвае, што ў беларускай практыцы сямейнага выхавання “паслухмяны хлопчык” з’яўляецца станоўчым персанажам, а на захадзе такі дзяцёнак асацыюецца з разумовымі недахопамі. У працяг тэмы выказваецца меркаванне, што ландшафтныя ўласцівасці беларускай прыроды з’яўляюцца прычынай таго, што для беларусаў характэрна сузіранне, а не пераўтварэнне.

Абапіраючыся на апытанні беларусаў, украінцаў і расейцаў памежных з Гомельшчынай раёнах, аўтар знаходзіць падмацаванне сваёй гіпотэзы – ментальныя характарыстыкі беларусаў, украінцаў і расейцаў амаль аднолькавыя і насычаныя вельмі “канкрэтным сацыякультурным зместам”. У развагах пра змест вельмі паказальна выглядаюць тэзісы аб змякчэнні чужога заходняга ўплыву праз Польшчу і чужога ўсходняга праз Расію. У выніку беларусы успрынялі усходні ўплыў у адаптаванай вялікарускай культурнай форме, а заходні праз польскі культурны кантэкст.

Хаця Кірыенка часткова выкарыстоўвае ў сваім творы спасылкі на Абдзіраловіча, Карскага, Доўнар-Запольскага і нават прыводзіць вытрымкі з вершаў Купалы і Коласа, яго высновы збольшага заснаваны на творах расейскіх прадстаўнікоў “русацэнтрызму” і еўраазійства – Сямёнава, Сяргеева, Стэфаненкі, Панціна, Кара-Мурзы. Пры гэтым, аўтар вельмі мала выкарыстоўвае сучасныя беларусазнаўчыя даследаванні, а таксама ўласна беларускія гістарычныя крыніцы. У тэксце няма агляду даследаванняў польскіх, літоўскіх і іншых еўрапейскіх аўтараў, хаця Кірыенка ад пачатку прэтэндуе на шырокае асэнсаванне гісторыі фарміравання беларускага менталітэту пад уплывам не толькі ўсходніх славян, але і іншых народаў.

Аўтар пастаянна пытаецца даказаць асаблівасць беларускага менталітэту сыходзячы з агульнаславянскага і агульнарускага кантэксту, выкарыстоўвае такія тэрміны як вялікаросы, маларосы, а таксама накіроўвае свае высілкі, каб даказаць, што беларусам не ўласцівыя індывідуалізм і дэмакратыя; патрабуецца моцная патэрналісцкая апека з боку дзяржавы. Такая заблытаная канцэпцыя беларускага менталітэту цалкам стасуецца з сучаснай дзяржаўнай палітыкай, якая спрабуе падтрымліваць тоеснасць нацыі абапіраючыся на моцную ўладу, а не шырокі пласт беларускай культурнай і гістарычнай спадчыны. Фактычна кніга Кірыенкі прысвечана пошукамі вытокаў беларускага менталітэту на аснове няўлоўных “славянскіх каранёў”, ландшафту, геаграфічнага становішча і глыбінных духоўна-маральных падыходаў. Яе цяжка лічыць навуковым даследаваннем, але па сваім ідэалагічным пазіцыям яна цалкам адпавядае запытам сучаснай беларускай палітыкі і можа быць добрым дапаўненнем да падручнікаў па дзяржаўнай ідэалогіі.

Check Also

Да 25 мая 2019 збор індывідуальных заявак на VIII Кангрэс

Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі абвяшчае збор індывідуальных заявак на ўдзел у чарговым (восьмым) ...

Адзін камэнтар

  1. Ды увогулле на сваёй доктарскай абароне Кірыенка паказаў, што вялікай розніцы паміж Дзюргеймам і Вэберам не бачыць, ягоная праца зыходзіць з іх адначасова. І рэцэнзенты прама казалі ў выступе, што фігня ягоная дысертацыя (і гэта нават для Мінскай сацыялогіі), але абараніць яго трэба, бо начальнік.
    А так ён увоггуле герой, як для Гомельскага начальніка, калі сапраўды прачытаў тых аўтараў, на якіх спасылаецца. Мог бы і не сам кнігу пісаць. А так магчыма і сам напісаў, відаць колькі шышлыка ці рыболкі прапусціў.
    А так крытыкаваць можна і Менскую універсітэцкую і акадэмічную сацыялогію, бо па праўдзе кажучы розніца паміж імі толька у тым, што Кірыенка піша, што думае, бо ў Гомелі такі вялікі начальнік можа сабе гэта дазволіць, а Менскія сацыёлагі пішуць што трэба іхняму начальству. Ён нават на Абдзіраловіча спаслаўся..
    А што пра веданне толькі расейскамоўных крыніц, дык Менскія прахвесара-сацыёлагі толькі на расейскамоўныя публікацыі і спасылаюцца

Яндекс.Метрика