Канстанцыя Скірмунт і палітычная думка Літвы і Беларусі

07_lit

Dariusz Szpoper (2009). Gente Lithuana, natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851–1934). Arche. Gdańsk. S. 487.

Агляд выканаў Анджэй Пукшта, Ph.D., дацэнт кафедры паліталогіі Універсітэта Вітаўта Вялікага ў Коўне, Літоўская Рэспубліка.

______________________________________________________________________________________

Гісторык літаратуры, прафесар Ягелонскага універсітэту Тадэвуш Буйніцкі, дваццаць гадоў таму назваў даўнія землі Вялікага княства Літоўскага «забытым кантынентам» (zasypanym kontynentem). Гэтым ён падкрэсліў неабходнасць комплексных даследаванняў унікальнай спадчыны згаданага кутку Еўропы навукоўцамі Літвы, Польшчы, Беларусі ды Украіны.

У польскіх даследніцкіх асяродках у пачатку 1990-х гг. паўстала мноства ініцыятываў, скіраваных на вывучэнне польскай, польска-літоўскай і польска-беларускай спадчыны па-за межамі цяперашняй Польшчы. На жаль, нешматлікія з тых праектаў рэалізуюцца да сённяшняга дня. З іншага боку, паўстаюць новыя ініцыятывы, таксама вельмі каштоўныя, унёсак якіх у развіццё гістарычнай навукі робіцца ўсё больш выразным.

У Гданьскім універсітэце ўжо некалькі гадоў развіццё палітычнай думкі на тэрыторыі Літвы і Беларусі ў XIX – пач. ХХ ст. актыўна даследуе гісторык права Дар’юш Шпопэр.

Цягам апошніх дзесяці гадоў з-пад ягонага пяра апроч згаданай тут манаграфіі выйшлі іншыя працы (Szpoper, 1999; 2003). Трэба адзначыць, што Дар’юш Шпопэр звярнуўся да мала вядомай постаці, адкрыў шмат новых архіўных дакументаў і гэтым нагадаў пра вельмі «запыленыя» старонкі ў палітычным і грамадскім жыцці польска-літоўска-беларускага памежжа канца XIX – пач. XX ст. Ужо сама назва кнігі, калі браць пад увагу польскамоўнасць яе гераіні, прымушае задумацца, што аўтар прадстаўляе нам дзяячку незвычайную, якую цяжка ўпісаць у кантэкст сённяшніх падручнікаў гісторыі.

Незвычайна ўсебаковую грамадска-палітычную і пісьменніцкую дзейнасць Канстанцыі Скірмунт аўтар манаграфіі паказаў у пяці раздзелах: «Дарогі жыцця. Біяграфічны нарыс на фоне эпохі», «Традыцыя Вялікага княства Літоўскага і нараджэнне этнічнай Літвы», «Спробы кампрамісу і мадэрнізацыі публічнага жыцця паўночна-заходніх губерняў», «У рэаліях адраджэння Польшчы», «Разам з Каталіцкім Касцёлам». Невядома, з якой прычыны не з’явіўся раздзел, прысвечаны беларускаму пытанню. На шчасце, гэтае пытанне не засталося зусім па-за ўвагай аўтара, і стаўленне землеўласніцы з Пінску да беларускага адраджэння можна прасачыць на асобных старонках кнігі.

Ужо з першых старонак кнігі Дар’юш Шпопэр заахвочвае чытача – нават таго, хто добра знаёмы з гісторыяй нацыянальнага адраджэння літоўцаў і беларусаў, – задумацца над глыбінёй і складанасцю працэсаў фармавання сучаснай нацыянальнай свядомасці гэтых народаў. Аўтар манаграфіі пра Канстанцыю Скірмунт унікальным чынам паказвае перыяд утварэння сучасных нацыянальных дзяржаваў, «цеснату» для гэтых дзяржаўных арганізмаў і актыўны пошук групаю інтэлектуалаў – «апошнімі грамадзянамі» Вялікага княства Літоўскага – новых наднацыянальных формулаў 100–150 гадоў таму.

Большую частку свайго жыцця (цягам больш як дзесяці гадоў яна была прыкаваная да інваліднага вазка) Канстанцыя жыла і пісала ў Пінску. Атмасферу гэтага землеўласніцкага свету вельмі дакладна (месцамі нават занадта падрабязна) набліжае да нас аўтар кнігі «Gente Lithuania, natione Lithuania». Гераіня кнігі Дар’юшa Шпопэрa аднак не заставалася у баку ад галоўных падзеяў і палітычных працэсаў. Яна была постаццю, з якой вялі дыскусіі, спрачаліся, думкі якой уплывалі на погляды прадстаўнікоў розных слаёў насельніцтва. Сталае ліставанне з Элізай Ажэшка, лідэрамі літоўскага адраджэнскага руху Ёнасам Басанавічусам і прэлатам Адомасам Дамбраўскасам-Якштасам сведчаць пра актыўнасць публіцысткі.

З часоў царскай Расіі яна смела выказвала свае погляды на старонках пецярбургскага выдання «Kraj», віленскіх выданняў «Kurier Litewski» і «Gazeta Codzienna», а таксама ў пралітоўскай газеце «Litwa». Не пазбягала яна палемікі і з варшаўскім «Kurierem Polskim» і іншымі выданнямі. Даследчыкі гістарыяграфіі ацэньвалі ролю падручнікаў гісторыі Канстанцыі Скірмунт у фармаванні літоўскай свядомасці. Падручнікі напісаныя ў вельмі рамантычным стылі, які сённяшняму чытачу можа падацца нават смешным, што не змяншае іх папулярнасці сто і больш гадоў таму.

Пазіцыя Канстанцыі Скірмунт яшчэ раз нагадвае пра жывучасць ідэі Вялікага княства Літоўскага і глыбокай традыцыі Рэчы Паспалітай абодвух народаў на пачатку мінулага стагоддзя. Светапогляд гераіні кнігі толькі часткова фармуецца на падставе рамантызму слаўнай гісторыі ліцвінаў і палякаў. Ён перад усім засноўваўся на асаблівым разуменні дзяржаватворных працэсаў беларуска-літоўска-польскага памежжа і перакананасці ў цывілізацыйнай місіі Крэўскай і Люблінскай уніі, а таксама надрэлігійнай і нават палітычнай ролі Каталіцкага Касцёлу на ўсходзе Еўропы.

Хоць Канстанцыя Скірмунт не ведала літоўскай мовы, яна лічыла сябе літоўкаю, кіруючыся пры гэтым прынцыпам, што філалагічны крытэр ніколі не мае быць галоўным або адным з асноўных правілаў пры вызначэнні нацыянальнай тоеснасці. Дар’юш Шпопэр добра паказвае атмасферу польска-літоўскіх спрэчак пра мову ў публічным жыцці Літвы і заангажаванасць пісьменніцы ў гэтыя няпростыя дыскусіі (са шкадаваннем трэба адзначыць, што аўтар не быў у стане звярнуцца да літоўскамоўнай прэсы).

І хоць аўтар на шмат якія пытанні, датычныя дзеянняў кансерватыўнага асяродку, ужо адказаў у «Sukcesorach Wielkiego Księstwa Litewskiego», усё ж падаецца, што непазбежнаю справаю будзе паслядоўнае параўнанне пазіцыі Канстанцыі Скірмунт з дзеяннямі іншых пралітоўскіх прадстаўнікоў землеўласнікаў – Балеслава Ялавецкага, Стэфаніі Яблонскай або Антона Завішы. Не кажучы ўжо пра Станіслава Нарутовіча і Міхала Ромэра, якія, на жаль, мінімальна фігуруюць на старонках кнігі. Хоць у лісце да Ёнаса Басанавічуса Канстанцыя Скірмунт называе сябе «апошняю з магіканак», яна аднак у сваіх пачуццях, у сваёй літоўска-польскай раздвоенасці, далёка не была адзінай асобай, якая не знайшла сабе месца ні сярод польскіх, ні сярод літоўскіх палітычных фармаванняў.

У гэтым звязку можна было б ўзгадаць і «стараліцвіна» Юзэфа Пілсудскага ды ягоныя дылемы пры фармаванні ўнутранай і знешняй палітыкі адроджанай Польшчы, або бясспрэчнага лідэра віленскіх літоўцаў Міколаса Біржышка (прымаючы пад увагу ягоныя шляхецкія карані). Гэта б значна дапамагло ў тлумачэнні нязвыклай з’явы «gente Lithuanus, natione Lithuanus». І тым самым аўтар мог бы не абцяжарваць чытача частымі і «густымі» (без абзацаў) цытатамі памерам дзве–тры старонкі, хоць і паходзяць яны з вельмі каштоўных дакументаў і невядомых архіўных матэрыялаў.

Нягледзячы на некаторыя крытычныя заўвагі, трэба адназначна прызнаць, што Дар’юш Шпопэр сваёй кнігаю вярнуў з забыцця унікальную постаць, да чыёй інтэлектуальнай спадчыны мы будзем звяртацца ўсё часцей.

Можна шчыра рэкамендаваць прачытаць кнігу Дар’юшa Шпопэрa – асабліва даследчыкам літоўскай, польскай і беларускай палітычнай думкі канца XIX – пач. XX ст. Напэўна, яна ўносіць таксама шмат новага ў гісторыю землеўласнікаў былога Вялікага Княства, грамадскай групы, чые заслугі паслядоўна замоўчваліся ў савецкі перыяд на тэрыторыі ўсёй Усходняй Еўропы. Кніга яшчэ раз абвяргае тэзіс, які можна дагэтуль часта сустрэць і які яшчэ ў міжваенны перыяд вырас да катэгорыі міфу, што землеўласнікі на тэрыторыі сённяшняй Літвы, Беларусі або Украіны былі ў сваіх пазіцыях вельмі прапольскімі ды катэгарычна і паслядоўна працівіліся нацыянальнаму адраджэнню народаў, сярод якіх жылі.

Szpoper, D. Pomiędzy caratem a snem o Rzeczypospolitej. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich w guberniach zachodnich Cesarstwa Rosyjskiego w latach 1855–1862. Gdańsk, 2003.

Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904–1939. Gdańsk, 1999.

Поўную версію рэцэнзіі гл.: Анджэй Пукшта. Gente Lithuana, natione Lithuana // Палітычная сфера № 14 (1) 2010

Check Also

26–27 кастрычніка 2018. Грамадскі форум Літвы і Беларусі «Што нас аб’ядноўвае?»

Літва і Беларусь – гэта не толькі краіны-суседзі. Народы гэтых дзяржаў, акрамя гісторыі, якая сягае ...

Яндекс.Метрика