Дослед беларускага нацыяналізму

shamiakin_01_natio

Астапенка А. Игде зродилися иускормлены суть по Бозе. Дослед беларускага нацыяналізму / Анатоль Астапенка. – Санкт-Пецярбург: “Невский Простор”, 2010. – 734 с.

Агляд падрыхтаваны гісторыкам, палітологам, супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” Алесем Шамякіным.

_______________________________________________________________________________________

У сваёй кнізе Анатоль Астапенка спрабуе разгледзіць беларускі нацыяналізм ва ўсіх вымярэннях – праз прызму гісторыі, філасофіі, палітыкі, нават этналогіі, антрапалогіі, лінгвістыкі і іншых дысцыплін. Як часта здараецца, такія амбітныя задачы не атрымоўваюцца вырашыць належным чынам у межах адной працы. Кніга ўтрымлівае сапраўды вялікі масіў інфармацыі з абсалютна розных сфераў – ад запачынання беларускіх палітычных партыяў у 1990-х гадах да гістарычных адметнасцяў беларускай мовы. І ўсё гэта месціцца пад дахам “канцэпцыя беларускага нацыяналізму”.

Як адзначае сам аўтар, кніга напісана ў розных жанрах: у ёй спалучаецца навуковае даследаванне, эсэістыка і мемуарыстыка. Такая жанравая мешаніна не спрыяе павышэнню якасці кнігі, бо вартасць навуковай часткі зніжаецца за публіцыстычнасці іншых раздзелаў і наадварот. Напрыклад, першы і пяты раздзелы, якія прэтэндуюць на навуковасць, вельмі мала маюць спасылак на выкарыстаную літаратуру і крыніцы.

У “навуковым” першым раздзеле аўтар ужывае такую экзатычную катэгорыю, як “раса ўсходніх славян” са спецыфічнымі антрапаморфнымі адрозненнямі (с. 33). Акрамя гэтага аўтар выкарыстоўвае ў адносінах да палітычных утварэнняў на тэрыторыі Русі тэрмін “дзяржава Кіеўская Русь”, што дастаткова сумнеўна з навуковага пункту гледжання, хаця б таму, што не існуе ніводнага гістарычнага дакумента, дзе б такая дзяржава згадвалася. Тэрмін “Кіеўская Русь” з’яўляецца штучным і практычна не выкарыстоўваецца сучаснай навукай. Праўда, калі ўлічыць, што гэты “навуковы” раздзел спазнаў уплыў дамінуючага ў кнізе публіцыстычнага стылю і, на самой справе, хутчэй з’яўляецца эсеістыкай, а не навуковым даследаваннем у поўным сэнсе гэтага слова, то гэтыя пытанні здымаюцца натуральным чынам.

Другі публіцыстычны раздзел утрымлівае даволі фантастычныя гіпотэзы, напрыклад, што Дзева Марыя паходзіць ад старажытнарускай народнасці, а Ісус не габрэй, а магчыма беларус (с.66). У прынцыпе, для літаратурнага эсэ такія развагі і гіпотэзы могуць быць цікавымі і прымальнымі, але такія “фантастычныя” эпізоды наўрадці можна нармальна ўспрымаць па суседству з фрагментамі, якія прэтэндуюць на статус навуковых у межах адной кнігі. Менавіта таму спроба аб’яднаць пад адной вокладкай такія розныя жанры зніжае вартасць разгледжанай працы.

Найбольш значнай і прыметнай характарыстыкай працы Анатоля Астапенкі з’яўляецца яе беларусацэнтрычнасць, і гэта ў пэўнай ступені цікавая перавага. Аўтар не “саромеецца” называць Вялікае княства Літоўскае беларускай дзяржавай, адкрыта заяўляе, што прыйшоў час пісаць гісторыю Беларусі не азіраючыся на суседзяў. У кнізе таксама можна знайсці аўтарскую інтэрпрэтацыю гістарычнага шляху беларускай нацыі, філасофскіх наратываў беларускага нацыяналізму, станаўлення нацыянальнай ідэі ў літаратурнай творчасці. Асобна ўвага нададзена ўбудоўванню сярэднявечных помнікаў літаратуры на нашых землях у скарбонку нацыянальнай культуры, што спалучаецца з палемікай з асобнымі беларускімі інтэлектуаламі.

Між тым некаторыя эпізоды беларускай гісторыі і станаўлення беларускай нацыянальнай ідэі падаюцца аўтарам даволі тэндэнцыйна. З’яўляючыся шчырым прыхільнікам праваслаўя, аўтар паслядоўна абясцэньвае уніяцкі пласт беларускай мінуўшчыны, а таксама прыніжае значнасць нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў і асобу Кастуся Каліноўскага для беларускага адраджэння. Зусім дзіўнавата выглядае аўтарскае “дараванне” Каліноўскаму за “праваслаўную схізму” (с. 137).

Асаблівую цікавасць і карысць уяўляе сабой апісанне палітычных падзеяў, сведкам і ўдзельнікам якіх быў аўтар. Анатоль Астапенка, з’яўляючыся спачатку сустаршынём Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, а затым і старшынём Беларускай нацыянальнай партыі і распавядае пра цікавыя падзеі з палітычнага жыцця Беларусі 1990-х гадоў – час, калі адбываўся працэс партыйнага будаўніцтва і станаўлення нацыянал-дэмакратычнага кірунку ў беларускай палітыцы.

Нягледзячы на адзначаныя хібы, дадзеная праца будзе цікавай для самага рознага чытача, бо дазваляе пазнаёміцца з многімі канцэпцыямі сучаснага і адначасова “традыцыйнага” беларускага нацыяналізму. Пры гэтым аўтар настойвае, што беларускі нацыяналізм у яго версіі – неабходная грамадству ідэя, якая накіравана на стварэнне, а не разбурэнне.

Check Also

26–27 кастрычніка 2018. Грамадскі форум Літвы і Беларусі «Што нас аб’ядноўвае?»

Літва і Беларусь – гэта не толькі краіны-суседзі. Народы гэтых дзяржаў, акрамя гісторыі, якая сягае ...

Яндекс.Метрика