Зварот Аргкамітэта Кангрэса датычна вайсковай агрэсіі супраць Украіны

Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі рашуча асуджае вайсковую агрэсію Расіі супраць незалежнай і суверэннай Украіны. Расія парушае міжнароднае права, зневажае агульначалавечыя каштоўнасці. Нашы думкі і сэрцы разам з украінскім народам, які мужна адстойвае сувэрэннасць сваёй краіны.

На вялікі жаль, пазбаўленыя ў 2020 годзе дэмакратычнай легітымнасці ўлады Рэспублікі Беларусь выступілі саўдзельнікам вайсковай аперацыі Расіі. З тэрыторыі Беларусі расійскія танкавыя часткі пачалі наступленне на Кіеў, з тэрыторыі Беларусі вядзецца ракетны абстрэл Украіны, расійскія войскі выкарыстоўваюць для сваіх патрэбаў інфраструктуру беларускай арміі.

Гэта з’яўляецца грубым парушэннем міжнародных абавязкаў і Канстытуцыі Беларусі. Уцягванне Беларусі ў вайну – гэта злачынства і грубае ігнараванне інтарэсаў беларускага народа.

Мы павінны звярнуць асаблівую ўвагу ўкраінскай і міжнароднай супольнасці, што беларускае грамадства не падтрымлівае вайну. Пры магчымасці выбіраць дэмакратычным шляхам, беларусы ніколі не выбралі б на вышэйшыя дзяржаўныя пасады прыхільнікаў вайны і тым больш вайны з братняй Украінай.

На жаль, Беларусь з’яўляецца аўтарытарнай краінай. У 2020 годзе беларускі народ адназначна прадэманстраваў свае імкненне да дэмакратыі і свободы, адмовіўшы ў даверу А. Лукашэнка. Выкарыстоўваючы фізічны гвалт, масштабныя рэпрэсіі, а таксама палітычную і эканамічную падтрымку Расіі А. Лукашэнка захаваў уладу. З гэтага часу рыторыка беларускіх уладаў утрымлівае ўсё больш ксенафобіі, нянавісці да Захаду і Украіны, а таксама прапаганду фізічнага гвалту і вайны.

Акадэмічная супольнасць Беларусі актыўна падтрымала дэмакратычныя працэсы ў Беліарусі, вынікам сталі масавыя рэпрэсіі – арышты, крымінальныя справы, запужванне, звальненні з Акадэміі навук і ўніверсітэтаў. З гэтым сутыкнуліся сотні выкладчыкаў і навукоўцаў.

Няма сумневаў, што абсалютная большасць беларускай акадэмічнай супольнасці і ў Беларусі і за мяжой катэгарычна асуджае дзеянні Расіі і ўладаў Беларусі, выступае за суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, паважае яе імкненне да свабоды і права самастойна выбіраць уласную будучыню.

Мы лічым памылковымі захады накіраваныя на спыненне супрацоўніцтва Украіны, краін ЕС і ЗША з беларускай акадэмічнай супольнасцю.

Абмежаванне кантактаў і супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі можа быць абгрунтавана, але спыненне кантактаў на індывідуальным узроўні і з грамадзянскай супольнасцю з’яўляецца непрадуктыўным. Гэта будзе аслабляць магчымасці беларускага грамадства супраціўляцца прапагандзе вайны, мілітарызму і імперскага рэваншызму ўладамі Расіі і Беларусі.

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі ад свайго заснавання ў 2011 годзе, з’яўляўся пляцоўкай дыялогу і супрацоўніцтва акадэмічнай і экспертнай супольнасцей, заўсёды выступаў з пазіцыі павагі і падтрымкі суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і бяспекі ўсіх краін рэгіёну і асабліва Украіны, Беларусі, Літвы і Польшчы.

Украінскія даследчыкі заўжды былі важнай часткаю Кангрэса, складаючы адну з самых вялікіх па колькасці дэлегацый. Аргкамітэт заўсёды спрыяў максімальна шырокаму ўдзелу ўкраінскіх навукоўцаў у працы Кангрэса. Мы выказваем нашу падтрымку і шчырую салідарнасць у гэты крытычны момант, а таксама гатоўнасць аказаць падтрымку украінскім навукоўцам ўсімі даступнымі сродкамі.

Мы перакананы, што супраца паміж беларускімі і ўкраінскімі навукоўцамі мусіць быць працягнута і стаць яшчэ больш інтэнсіўнай. Акадэмічныя супольнасці рэгіёну мусяць супраціўляцца знешняй агрэсіі. Разам узмацняючы адзін аднаго.

Андрэй Казакевіч (старшыня Арганізацыйнага камітэту)

Томаш Блашчак (сябра Арганізацыйнага камітэту)

Віка Велічкайтэ (сябра Арганізацыйнага камітэту)

Русціс Камунтавічус (сябра Арганізацыйнага камітэту)

Дар’я Кушыцкая (сябра Арганізацыйнага камітэту)

Аляксей Ластоўскі (сябра Арганізацыйнага камітэту)

Check Also

«Это скорее встречи заговорщиков, решивших перевернуть мир». Почему Лукашенко внезапно полетел к Путину?

Почему президент России игнорирует поездки в Беларусь? 23 июня Александр Лукашенко вылетел в Россию для общения с Владимиром ...

Яндекс.Метрика