Нарыс баявых дзеянняў паўстання 1863-64 гг. у Беларусі

MatveychykМатвейчык, Д.Ч (2013). Паўстанне 1863-1864 гадоў у Беларусі: нарыс баявых дзеянняў. Мінск: Медысонт, 122 с.

Агляд падрыхтаваў Васіль Герасімчык.

У серыі “Беларусь у войнах” у 2013-м годзе пабачыла свет кніга Дзмітрыя Матвейчыка, прысвечаная самай маштабнай ваеннай падзеі на тэрыторыі Беларусі другой паловы ХІХ стагоддзя–паўстанню 1863-1864 гг. Галоўнай мэтай кнігі аўтар называе “папулярызацыйную” і бачыць сваю задачу ў тым, каб “даць шырокаму колу чытачоў агульнае ўяўленне пра баявыя дзеянні паўстанцаў у Беларусі ў 1863 годзе”. Наконт цяжкасцей у выкананні пастаўленай задачы і працы над тэкстам слушную заўвагу выказаў адзін з укладальнікаў серыі “Беларусь у войнах”, археолаг Мікалай Плавінскі, прэзентуючы выданне на сустрэчы з чытачамі ў Гародні 7 лістапада 2013-га, адзначыўшы, што “зрабіць кнігу навукова-папулярную значна цяжэй, чым навуковую”.

Ва ўмовах сённяшняй патрэбы беларускага грамадства ў творах, якія даходліва распавядаюць пра складаныя старонкі нашага мінулага, кніга Дзмітря Матвейчыка з’явілася даўгачаканай і выклікала вялікую цікавасць да, словамі аўтара, гэтага “сціплага твора” (чым ужо дасягнула сваёй мэты).

Кніга складаецца з уступа, чатырох раздзелаў, заключэння і спіса крыніц і літаратуры.

Ва ўступе Дзмітрый Матвейчык слушна заўважае:

1) паўстанне 1863-1864 гадоў–адна з самых неадназначных з’яў у гісторыі Беларусі перыяду яе знаходжання ў складзе Расійскай Імперыі, ацэнка якой у пазнейшы час залежыла ад палітычнай кан’юнктуры таго ці іншага даследчыка;

2) шматлікія даследчыкі разглядалі самыя разнастайныя бакі паўстання, але да гэтага часу паўнавартаснае комплекснае манаграфічнае даследаванне па гісторыі паўстання на беларускай мове не выдадзена, ды ўвогуле адзіным такім даследаваннем гісторыі паўстання на беларускай мове з’яўляецца кніга Усевалада Ігнатоўскага (Ігнатоўскі, 1930).

З першай думкай можна цалкам пагадзіцца, з той акалічнасцю, што такая залежнасць захоўваецца і сёння.

У адносінах да другой заўважым толькі, што кніга У. Ігнатоўскага хоць і з’яўляецца адзінай канцэптуальнай манаграфіяй па паўстанню 1863-1864 на беларускай мове, але яна не з’яўляецца адзінай у айчыннай гістарыяграфіі, паколькі маецца яшчэ расейскамоўная манаграфія Смірнова (Смирнов, 1963), якая значна пераўзыходзіць па сваім ўплыве твор У. Ігнатоўскага, які быў надоўга прыхаваны і нават сёння вядомы толькі вузкаму колу даследчыкаў.

Нягледзячы на тое, што кніга Д. Матвейчыка, перш за ўсё, – нарыс баявых дзеянняў паўстанцкіх атрадаў супраць царскіх войскаў, яна ахоплівае больш шырокае кола праблемаў, фактаграфічна адлюстраваных тут. Сярод іх і ўзмацненне незадаволенасці на землях Беларусі, Літвы і Польшчы напярэдадні паўстання, і падрыхтоўка вайсковага выступлення супраць царскіх улад, дзейнасць паўстанцкай арганізацыі і супярэчнасці ўнутры яе, меры па задушэнні выступлення.

Першы раздзел “Напярэдадні паўстання” складаецца з чатырох пунктаў і распавядае пра напружаную сітуацыю, якая склалася ў Беларусі ў пачатковы перыяд панавання імператара Аляксандра ІІ. У гэты час, нягледзячы на спробы паслаблення жорсткіх мераў самадзяржаўя, расла незадаволенасць мясцовага насельніцтва, якая вылілася ў з’яўленні маніфестацыйнага і росце сялянскага руху. Таксама ў кнізе прыводзяцца звесткі пра мерапрыемствы па падрыхтоўцы вайсковага выступлення, пра ўзбраенне і суадносіны варожых бакоў: так, напачатку 1863 года трохтысячнай паўстанцай арганізацыі ў Беларусі і Літве супрацьстаялі 123,5 тысяч расейскіх вайскоўцаў (і гэта без уліку батальёнаў унутранай варты, інвалідных і этапных камандаў, паліцыі – якія таксама прымалі ўдзел у падаўленні паўстання).

Тут жа варта адзначыць імкненне аўтара нават ва ўмовах абмежаванага фармата даць схематычны агляд таго, чым звычайна грэбуюць падручнікі – падзей у суседніх Каралеўстве Польскім і Літве. Гэта тым больш важна, што, нягледзячы на рэгіянальныя асаблівасці ў Беларусі і Літве, паўстанне 1863-1864 гг. ў нашым краі адбывалася перш за ўсё ў кантэксце больш шырокага выступлення і з’яўлялася спробай адраджэння былой Рэчы Паспалітай (форма і разуменне якой выклікалі спрэчкі).

Другі раздзел “Пачатак паўстання ў Беларусі і Літве” складаецца з двух пунктаў і прысвечаны перыяду (студзень-сакавік) арганізацыі і дзейнасці першых паўстанцкіх атрадаў, а таксама разнагалоссям паміж “белымі” і чырвонымі”.

Наступны, трэці, раздзел “Баявыя дзеянні ў красавіку 1863 – пачатку 1864 года” складаецца з васьмі пунктаў. Ён з’яўляецца найбольш важным, і, адпаведна, самым вялікім у кнізе. Аснову яго складае апісанне дзеянняў паўстанцкіх атрадаў, падзеленых у адпаведнасці з адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі (губернямі), якія ўтваралі абшар сучаснай Беларусі (Магілёўская, Віцебская, Мінская, Віленская, Гродзенская). Такая структура мае падабенства з класічнай працай бібліятэкара музея ў Раперсвілі Станіслава Зеліньскага (Zieliński, 1913), дзе, аднак, узброеныя сутыкненні пададзеныя ў выглядзе сухой хронікі. Д. Матвейчык жа выкарыстоўвае ў якасці формы выкладання тэкста нарыс, што толькі паляпшае даступнасць прачытання.

Сярод частак трэцяй главы найбольш поўнай з’яўляецца апісанне падзей у Мінскай губерні, у той час як пункты пра Гродзенскую і, асабліва, Віленскую губерню пажадана было б пашырыць. Аднак нават у такой форме яны падаюць самыя важныя падзеі і прозвішчы паўстання ў адзначаных рэгіёнах.

Апошні, чацвёрты, раздзел кнігі “Рэпрэсіі супраць удзельнікаў паўстання” дае пералік і кароткія апісанні мерапрыемстваў, распачатых царскімі ўладамі на чале з Міхаілам Мураўёвым па падаўленні наступстваў 1863-1864 гадоў.

Асобна неабходна вылучыць шэраг станоўчых бакоў манаграфіі Дзмітрыя Матвейчыка, дзякуючы якім  яна з’яўляецца не толькі нарысам баявых дзеянняў паўстанцкіх атрадаў, а ператвараецца ў кнігу з элементамі забаўляльнасці. Нададзеная вялікая ўвага падбору ілюстрацыйнага матэрыялу, які дае свой плён, бо з’яўляецца не проста дадаткам да асноўнага тэксту, а ператвараецца ў гісторыю паўзверх гісторыі. Прычым, сярод рэдкіх ілюстрацый маюцца як гравюры з французскага выдання “Le Monde illustre”, так і каляровыя выявы элементаў паўстанцкай вопраткі.

Усяго ў кнізе на 122 старонках змешчана амаль 150 выяў. Сярод іх вялікая колькасць фотаздымкаў паўстанцаў. На дзесяцёх самых значных паўстанцаў у Беларусі кніга змяшчае асобныя біяграмы з кароткім пералікам падзей іх жыцця (Раман Рагінскі, Юльян Бакшанскі, Людвік Остык-Нарбут, Вінцэнт Канстанцін Каліноўскі, Якуб Вільгельм Гейштар, Зыгмунт Эразм Гаспар Юзаф Серакоўскі, Людвік Звяждоўскі, Генрык Дмахоўскі, Валеры Антоні Урублеўскі, Рамуальд Траўгут). Не пакідае аўтар па-за ўвагай і самых прадстаўнічых асоб царскай машыны задушэння паўстання (Захар Манюкін-Няўструеў, Артур Эггер, Уладзімір Назімаў, Міхаіл Мураўёў), якія таксама анатацыйна ахарактарызаваны ў адпаведных біяграмах.

Кніга Дзмітрыя Матвейчыка з’яўлецца важным крокам на шляху папулярызацыі ў Беларусі паўстання 1863-1864 гг. і заслугоўвае самай высокай адзнакі. Таму, падтрымліваючы яе аўтара, таксама хочацца выказаць спадзяванне, “што для прафесійных даследчыкаў яна паслужыць дадатковым стымулам да напісання паўнавартаснай аб’ёмнай навуковай манаграфіі па гісторыі паўстання, а для аматараў гісторыі будзе карыснай для азнаямлення з такой цікавай і маштабнай падзеяй”. На жаль, 150-ыя ўгодкі паўстання 1863-1864 гг. не дазволілі перайсці такую патрэбную мяжу аналітычнай працы агульнанацыянальнага значэння. Аднак, дзякуючы “Нарысу” Дзмітрыя Матвейчыка, на гэтым шляху зроблены чарговы значны крок наперад.

 

Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі

  1. Ігнатоўскі, Усевалад Макаравіч (1930). 1863 год на Беларусі. Нарыс падзей. Мінск: Беларуская Акадэмія навук.
  2. Смирнов, Анатолий Филиппович (1963). Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. Москва.
  3. Zieliński, Stanisław (1913). Bitwy i potyczki 1863-1864. Rapperswil.

Check Also

Заслужанае вяртанне БІГіК

Заслужанае вяртанне БІГіК Разуванава Ксенія Сяргееўна. Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры ў Заходняй Беларусі (1926-1936 ...

Яндекс.Метрика