Самакіраванне ў Заходняй Беларусі: разыходжанне рэальнасці з намерамі

Борка_вокладкаБорка, А.І. (2011). Мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання і самакіравання ў Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.). Гродна: ГрДУ, 139 с.

Агляд падрыхтаваў Аляксандр Вабішчэвіч.

Хоць заходнебеларуская праблематыка 1920–1930-х гг з’яўляецца ўжо традыцыйным напрамкам, які не першае дзесяцігоддзе распрацоўваецца ў айчыннай гістарычнай навуцы, яшчэ застаюцца розныя “белыя плямы”, што чакаюць сваіх дапытлівых даследчыкаў. Менавіта адну з такіх наватарскіх тэм распрацаваў дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Андрэй Іванавіч Борка. У выдадзенай ім у 2011 г. манаграфіі, што падрыхтавана на падставе кандыдацкай дысертацыі, аўтар пастараўся прасачыць гісторыю фарміравання мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання і павятовых, гарадскіх, сельскіх органаў самакіравання на заходнебеларускіх землях у складзе Польшчы.

Ім жа была вывучана іх структура, кампетэнцыя, асаблівасці функцыянавання, нацыянальны і канфесіянальны склад кадраў служачых і чыноўнікаў, нарматыўна-прававая база. Як сведчыць глава 1, а таксама бібліяграфічны спіс, манаграфія вылучаецца шырокім колам выкарыстаных крыніц. Сярод іх асабліва трэба адзначыць разнастайныя архіўныя матэрыялы. Іх геаграфія ахоплівае не толькі Рэспубліку Беларусь (Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці, Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці, Занальны дзяржаўны архіў у г. Маладзечна), але і Польшчы (Архіў актаў новых), Літвы (Цэнтральны дзяржаўны архіў Літвы).

Акрамя архіўных дакументаў, для большай аб’ектыўнасці даследавання выкарыстаны і многія іншыя крыніцы. Гэта ў многім прадвызначыла паспяховае выкананне пастаўленых аўтарам задач.

У асобнай главе 2 выкладзена гісторыя фарміравання, склад і паўнамоцтвы органаў сельскага і гарадскога самакіравання. У ходзе аналізу рэальнай практыкі органаў сельскага і гарадскога самакіравання на тэрыторыі Заходняй Беларусі выяўлена спецыфіка іх дзейнасці. У прыватнасці, з-за недаверу да мясцовых жыхароў польскія адміністрацыйныя ўлады кадравыя пытанні вырашалі пераважна без іх удзелу. Больш таго, яны праводзілі кантроль і абмежаванне паўнамоцтваў, кампетэнцыі выбарных органаў самакіравання, фактычна прызначалі (замест выбараў) “надзейных” людзей у праўленні гмін, магістратаў (гарадскіх упраўленняў), ігралі вырашальную ролю ў дзейнасці гарадскога самакіравання (па складу магістратаў, у прыняцці рашэнняў).

Аўтар наглядна паказаў залежнасць органаў мясцовага самакіравання ад павятовай адміністрацыі, ваяводаў. Так, яны пільна сачылі за асабовым складам гмінных праўленняў, каб не дапусціць туды “антыдзяржаўныя элементы” – старанна падбіралі палітычна лаяльных асоб, палякаў паводле нацыянальнасці, католікаў па веравызнанні, якіх патрэбна было зацвярджаць у павятовым старостве.

З боку мясцовых жыхароў да гміннай адміністрацыі праяўлялася агульнае негатыўнае стаўленне. У 1933 г. былі ўведзены абмежаванні пры выбарах у гмінныя рады, узмацніўся іх кантроль з боку павятовага старасты, а ваяводы атрымалі права распускаць непажаданую гмінную раду.

У поўнай залежнасці ад адміністрацыйных улад былі і войты гмін. Нярэдкімі былі выпадкі прызначэння войтамі толькі палякаў і католікаў, якія не карысталіся даверам жыхароў гмін. Аднак у манаграфіі прыведзены і выпадкі станоўчых адносін да войтаў, якія былі сапраўднымі гаспадарамі (с. 43). Ва ўмовах недаверу да заходнебеларускага насельніцтва рэальнае самакіраванне на месцах станавілася немагчымым.

Асобна разгледжана ў кнізе і спецыфіка гарадскога самакіравання, куды ўключаліся магістраты (з 1933 г. – гарадскія ўпраўленні). Выбары ў гарадскія рады праводзіліся ў 1919, 1927, 1934, 1939 гг. Аднак агульнае стаўленне польскіх улад да гарадскога самакіравання было неспрыяльным. Распаўсюджанай была практыка прызначэння войтаў, бурмістраў, лаўнікаў, узмацнілася іх залежнасці ад дзяржаўных органаў, уводзіліся нацыянальныя, канфесіянальныя, узроставыя і іншыя абмежаванні. Таму і была слабой зацікаўленасць выбарамі з боку жыхароў, асабліва ў малых гарадах і мястэчках.

Этнаканфесійная асаблівасць гарадскога насельніцтва заходнебеларускага краю (перавага яўрэяў) вяла да супярэчнасцей паміж іўдзейскімі і хрысціянскімі фракцыямі ў органах гарадскога самакіравання. Часта фракцыйны склад гарадскіх радаў уплываў на прыняцце шэрагу важных рашэнняў. Выразнай там была дыскрымінацыя беларускага прадстаўніцтва.

У главе 3 асветлена гісторыя арганізацыі і асаблівасці павятовых органаў дзяржаўнага кіравання і самакіравання на тэрыторыі Заходняй Беларусі. У першую чаргу раскрыты заканадаўчыя асновы дзейнасці адміністрацыйных улад першай інстанцыі – старостваў. Як правільна выдзеліў аўтар, іх фарміраваць было няпроста, бо камплектаваліся з прысланых кадраў, якія ў асноўным не ведалі мясцовых моў, традыцый.

На пасады старастаў, як і на іншыя адказныя пасады ў заходнебеларускіх паветах, прызначалі ураджэнцаў цэнтральных польскіх рэгіёнаў. Аўтар зрабіў абгрунтаваную выснову аб тым, што павятовыя сеймікі (з 1933 г. – павятовыя рады) так і не змаглі стаць рэальнымі органамі самакіравання, бо былі ў поўнай залежнасці ад павятовага старасты. Таму такое самакіраванне справядліва кваліфікавана дэкаратыўным, якое было фактычна заменена дзяржаўнай адміністрацыяй і поўнасцю ад яе залежала (с. 83–84).

Глава 4 прысвечана гістарычным аспектам стварэння адміністрацыйных органаў 2-й інстанцыі (на ўзроўні ваяводстваў). Ваяводзе надаваліся неабмежаваныя паўнамоцтвы па кіраўніцтву і кантролі за адміністрацыйным апаратам, органамі самакіравання ў межах ваяводства. Як і павятовых старастаў, ваяводаў прызначалі ўлады Варшавы з выхадцаў з карэнных польскіх зямель, толькі палякаў. Такіх падыходаў прытрымліваліся і пры падборы кандыдатаў на пасады дзяржаўных служачых у ваяводстве.

Пры характарыстыцы кіраўнікоў ваяводстваў аўтар пазбягаў эмацыянальных ацэнак. Так, заўзятыя прыхільнікі жорсцкіх метадаў барацьбы з заходнебеларускім нацыянальным рухам віленскі ваявода Людвік Бацянскі і палескі ваявода Вацлаў Костэк-Бярнацкі названы рашучымі ваяводамі (с. 100). А ў дачыненні да апошняга (В. Костэк-Бярнацкага), які актыўна прымяняў паліцэйска-адміністрацыйныя метады, камуністычны друк не шкадаваў адпаведных эпітэтаў – “верны сабака Пілсудскага”, “вешальнік”, “кат” і інш. (Сichoracki, 2009: 232).

Накіраванасць палітыкі польскіх улад на каланізацыю заходнебеларускіх зямель, паланізацыю мясцовага насельніцтва абумовіла пашырэнне паўнамоцтваў адміністрацыйных улад і адпаведнае звужэнне паўнамоцтваў органаў самакіравання, устанаўленне за імі ўсебаковага кантролю. Гэта “практычна згубіла рэалізацыю ліберальных ідэй, закладзеных у Канстытуцыі 1921 г.” (с. 108). Польскае заканадаўства эвалюцыянавала ў бок антыдэмакратычных, аўтарытарных тэндэнцый.

З пачатку 1930-х гг. былі абмежаваны выбарчыя правы часткі насельніцтва з прычыны павышэння маёмаснага, узроставага, моўнага цэнзаў. Адбылося істотнае звужэнне кампетэнцыі гмінных, гарадскіх і павятовых рад, рэзка зменшылася ў іх і так мізэрнае прадстаўніцтва беларусаў. Выразнай стала тэндэнцыя поўнага выдалення няпольскіх прадстаўнікоў з дзяржаўнага апарату (Вабішчэвіч, 2008: 142). Рэжым “санацыі” так і не правёў радыкальных перамен у сваёй нацыянальнай палітыцы, працягваючы выкарыстоўваць на практыцы гвалтоўныя метады сваіх папярэднікаў і апанентаў – польскіх эндэкаў (Śleszyński, 2007: 176, 349).

У якасці галоўнага прынцыпа дзяржаўнага кіравання ў Польскай дзяржаве і на заходнебеларускіх землях у прыватнасці названа менавіта жорсткая цэнтралізацыя (урадавыя структуры – дзяржаўныя органы ўлады ў ваяводствах і паветах). Як слушна адзначыў А.І. Борка, нягледзячы на канстытуцыйныя гарантыі, тэрытарыяльнае самакіраванне было зведзена да гмін, гарадоў і паветаў, а ваяводскія органы самакіравання так і не былі створаны, а заменены ваяводскімі калегіяльнымі органамі (ваяводскай радай, аддзелам), якія поўнасцю залежалі ад ваявод.

Як паказана ў папярэдніх главах кнігі, характар гміннага, гарадскога і павятовага самакіравання быў дэкаратыўным. І ў заключнай выснове гэта яшчэ раз пацверджана– тэрытарыяльнае самакіраванне ў заходнебеларускім краі не было здзейснена (с. 109–110). Такі погляд разыходзіцца з рэцыдывамі сацыяльных стэрэатыпаў, які нярэдка культывуецца ў асобных польскіх выданнях “настальгічна-крэсовай” накіраванасці.

Нярэдкасцю была агрэсіўнасць, абыякавасць, уседазволенасць польскіх чыноўнікаў у Заходняй Беларусі, якія не ведалі мясцовай традыцыйнай культуры, мовы, праяўлялі да іх пагардлівыя адносіны. Найперш пры падборы кадраў улічваліся польская нацыянальная прыналежнасць, рымска-каталіцкае веравызнанне, ступень палітычнай лаяльнасці, а не прафесіяналізм, аўтарытэт і павага сярод заходнебеларускіх жыхароў. Адсюль і зразумела, чаму для заходнебеларускіх жыхароў Польская дзяржава з яе адміністрацыйнымі структурамі заставалася чужой. Польскага чыноўніка, паліцэйскага яны ўспрымалі ў якасці “пана”, правадніка дырэктыў польскага ўраду.

Адной з асноўных функцый ваяводскай і павятовай адміністрацыі з’яўлялася забеспячэнне грамадскага парадку, барацьба з “антыдзяржаўнымі элементамі”. І важнае значэнне ў гэтай справе аказвалі органы паліцыі (камендатуры, пастарункі). Аднак іх праца разгледжана ў манаграфіі толькі ў агульным кантэксце дзейнасці польскіх улад. Гэта яшчэ можа быць прадметам не аднаго даследавання айчынных гісторыкаў, правазнаўцаў.

Грунтоўнасць праведзенага даследавання не выклікае сумненняў, як і дастаткова высокая навуковая кваліфікацыя аўтара. Аднак варта звярнуць увагу на некаторыя недакладнасці, выказаць пажаданні. На наш погляд, ніжняй храналагічнай мяжой варта было ўзяць не 1921 г., а 1919 г. Фактычна ў тэксце гэта прысутнічае, бо прааналізаваны ход выпрацоўкі нарматыўна-прававой базы дзяржаўнага кіравання і самакіравання з самага пачатку аднаўлення Польскай дзяржавы ў 1918 г., а стварэнне органаў польскай улады ў Заходняй Беларусі – з 1919 г.

Не зусім дакладным з’яўляецца сцвярджэнне аўтара пра тое, што ў пачатку 1920 г. да Польшчы былі далучаны землі Сярэдняй Літвы (с. 60). “Бунт Жалігоўскага” адбыўся ў кастрычніку 1920 г., а далучэнне названай тэрыторыі – у 1922–1923 гг. (пасля рашэння сейма Сярэдняй Літвы аб тым, што Віленскі край становіцца неад’емнай часткай Польшчы, адпаведнага рашэння польскага сейма і канферэнцыі паслоў краін Антанты). Аднак у іншым месцы (с. 85) правільна адзначана, што Віленскае ваяводства ўтворана 22 снежня 1925 г. – праз 2 гады пасля ўключэння Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы.

Некаторыя недакладнасці прысутнічаюць у тэрмінах кіравання асобных ваявод. Напрыклад, Станіслаў Даўнаровіч знаходзіўся на пасадзе палескага ваяводы не да 9 верасня 1924 г. (с. 90), а да 9 кастрычніка таго ж году. І пакінуў пасаду вымушана з-за прыкрага і недаравальнага для яго здарэння. Справа ў тым, што 24 верасня 1924 г. на ўчастку паміж станцыямі Парахонск і Лоўча партызаны напалі на цягнік, у якім ехаў ваявода разам з чыноўнікамі, і абрабавалі яго.

Акрамя таго, Зыгмунт Бечковіч быў віленскім ваяводам не да 27 снежня, а да 27 студзеня 1933 г. (тым больш, што аўтарам правільна адзначаны пачатак кіравання яго паслядоўніка). Таксама віленскі ваявода Людвік Бацянскі быў прызначаны на пасаду не 4 студзеня 1936 г., а 4 снежня 1935 г.

Добра, што аўтарам праводзіўся параўнальны аналіз дзейнасці органаў дзяржаўнага кіравання і самакіравання ў цэнтральных, заходніх польскіх рэгіёнах і на заходнебеларускіх землях. У дапаўненне да гэтага можна парэкамендаваць у далейшым звярнуцца да вынікаў даследаванняў не толькі польскіх, але і ўкраінскіх вучоных. Напрыклад, Мікола Іванык і Сяргей Кандрацюк акцэнтавалі галоўную ўвагу на нацыянальныя і палітычныя аспекты дзейнасці органаў самакіравання ў Заходняй Украіне (найперш ва Усходняй Галіцыі) у 1919–1939 гг., абгрунтавалі этапы ў іх развіцці, вызначылі асаблівасці ўрадавай палітыкі (Іваник, 2007). А ў кандыдацкай дысертацыі Яраславы Мартынюк, прысвечанай станаўленню і дзейнасці органаў мясцовага самакіравання на Валыні, вывучаны асноўныя напрамкі і формы працы, асновы кадравай і падатковай палітыкі, сродкі і метады іх кантролю з боку польскага ўраду (Мартинюк, 2001).

У цэлым, манаграфія ўяўляе сабой грунтоўнае даследаванне, якое выдзяляецца навізной атрыманых вынікаў. Упершыню створаная цэласная навуковая карціна дзейнасці мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання і самакіравання ў Заходняй Беларусі, якае дазваляе больш аб’ектыўна ўспрымаць жыццё беларусаў у міжваеннай Польшчы.

 

Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі

1. Cichoracki, P. (2009) Droga ku anatemie: Wacław Kostek-Biernacki (1884–1957). Warszawa: Instytut Pamięci Narodowej.

2. Вабішчэвіч А.М. (2008) Нацыянальна-культурнае жыццё Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.). Брэст: Выд-ва БрДУ.

3. Śleszyński W. (2007) Bespeczeństwo wewnętrzne w polityce państwa polskiego na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej. Warszawa: Officyna wydawnicza RYTM.

4. Іваник М.М., Кондратюк С.В. (2007) Система органів місцевого самоврядування в Галичині у 1919–1939 рр. Історико-правовий аспект. Львів: Компакт-ЛВ.

5. Мартинюк Я.М. (2001) Становлення та діяльність органів місцевого самоврядування на Волині (1919–1939 рр.): автореф. дис… канд. іст. наук: 07.00.01. Львів.

Check Also

Заслужанае вяртанне БІГіК

Заслужанае вяртанне БІГіК Разуванава Ксенія Сяргееўна. Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры ў Заходняй Беларусі (1926-1936 ...

Яндекс.Метрика