Лукаш Дзекуць-Малей: Святое Пісанне і будаванне нацыі

Дзекуць-МалейЛукаш Дзекуць-Малей і беларускія пераклады Бібліі: Зб. матэрыялаў, арт. і дак (2011). Гал. рэд. А.У. Унучак і інш.  Брэст: Альтэрнатыва, 200 с.+[8] л. іл.

Агляд падрыхтаваў Віктар Кахновіч.

Напрыканцы 2011 г. у берасцейскім выдавецтве «Альтэрнатыва» выйшаў зборнік артыкулаў і дакументаў, прысвечаных Лукашу Мікалаевічу Дзекуць-Малею (1888–1955). Тое быў, бадай, самы вядомы беларускі баптысцкі пастар і прапаведнік у міжваенны час і, што прынцыпова, перакладчык Бібліі (Новага Запавету і Псальмаў) на беларускую мову. Сімвалічна, што выданне было падпісана да друку акурат на Дзень Рэфармацыі – 31 кастрычніка.

Зборнік утрымлівае дзевяць артыкулаў, з якіх восем напісаны адным аўтарам і адзін – дзвума аўтарамі у суаўтарстве. Аўтарамі матэрыялаў з’яўляюцца беларускія гісторыкі, краязнаўцы, грамадскія і рэлігійныя дзеячы (Андрэй Унучак, Юрась Бачышча, Уладзімір Ляхоўскі, Захар Шыбека, Аляксандр Ільін, Алена Глагоўская, Андрэй Чарнякевіч, Сцяпан Пекун і Антоні Бокун).

Апроч артыкулаў, зборнік утрымлівае тры дадаткі. Першы утрымлівае восем лістоў Лукаша і Серафімы Дзекуць-Малеяў да Антона Луцкевіча за 1926–1929 гг. і адзін – ад Л.М. Дзекуць-Малея да пастара Яна Пятроўскага ад 13 студзеня 1945 г. Другі – лісты да Антона Луцкевіча ад метадысцкага пастара Джона Віта (John Vitt) (сем лістоў за 1928–1930 гг.), ад Вальдэмара Гутшэ (Waldemar Gutsche) – старшыні Саюзу баптыстаў у Польшчы і аднаго з кіраўнікоў выдавецва «Компас» у Лодзі (пяць лістоў за 1925–1926 гг. і адно 1930 г.), ад беларускага паэта і сябры Беларускага камітэта ў Варшаве Гальяша Ляўковіча (адзін ліст за 1925 г.), ад сакратара польскагай філіі Брытанскага Замежнага Біблійнага таварыства (БЗБТ) Аляксандра Энгольца (Aleksander Engolz) (адзін ліст за 1932 г.), а таксама тры лісты А. Луцкевіча да сакратара БЗБТ Артура Хэйга (Arthur Hague) за 1930 і 1932 г., падзяка слыннага ўкраінскага ўніяцкага мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага «ананімнаму перакладчыку Евангелля на беларускую мову» ад 18 ліпеня 1926 г.

Тут жа рэцэнзіі на выданне па-беларуску Евангелля ад Лукі ў газеце «Przegląd Wileński» 1926 г. і часопісе «Родныя гоні» 1927 г., дамова аб перакладзе чатырох Евангелляў на беларускую мову паміж Уільямам Кінгстанам (William Kingston), кіраўніком Інстытуту перакладаў у Лондане, і Антонам Луцкевічам і Лукашам Дзекуць-Малеем (без подпісаў бакоў, даты і месца складання).

У трэцім дадатаку змешчаны вытрымкі з шаснаццаці дакументаў, якія адлюстроўваюць дзейнасць Цэнтральнай беларускай вучыцельскай рады Гарадзеншчыны (ЦБВРГ) за верасень 1919 г. – сакавік 1920 г., уключна з вытрымкамі з пратаколаў паседжанняў ЦБВРГ, ліставанне з Цэтральнай беларускай школьнай радай (ЦБШР) у Мінску па пытаннях забеспячэння Гарадзенскага дзіцячага прытулку і пашырэння беларускай адукацыі на Гарадзеншчыне.

Нельга не згадаць таксама падборку фотаздымкаў, які фактычна ўяўляе чацьвёрты дадатак у зборніку і ўтрымлівае шмат цікавых матэрыялаў.

Вялікую цікавасць выклікаюць як артыкулы даследчыкаў у зборніку, так і апублікаваныя ў ім дакументы. Практычна ўсе гэтыя дакументы ў першым і другім дадатках (лісты) – паходзяць з Аддзелу рукапісаў і рэдкай кнігі Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (фонд 21, справы 260, 279, 281, 282, 283, 302, 306, 346), у трэцім (крыніцы аб дзейнасці ЦБВРГ) – з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь у Гародні (фонд 604, вопіс 1, справа 1). Да гэтага патрэбна дадаць тры вытрымкі з перыёдыкі 1920 – 30-х гг. (часопіс «Родныя гоні», газеты «Przegląd Wileński» і «Наша Думка»).

Трэба пры гэтым адзначыць плённую працу даследчыкаў, што выявілі і падрыхтавалі да публікацыі гэтыя крыніцы – Алена Глагоўская (Helena Głogowska) і Андрэй Унучак, Юры Бачышча, Уладзімір Ляхоўскі і Андрэй Чарнякевіч. Яны, бяспрэчна, зрабілі важкі ўнёсак у гістарыяграфію беларускага нацыянальнага руху. Бадай, усе прадстаўленыя архіўныя матэрыялы ўпершыню пабачылі свет у разглядаемым тут выданні.

Адддаючы належнае аўтарам за раскрыццё для шырокай грамадскасці асобы Лукаша Дзекуць-Малея, неабходна адзначыць, тым не меней, што слынны пастар уяўляе сабой адначасова аб’ект даследавання і азнаямлення з больш шырокім гістарычным, рэлігійным і культурным кантэкстам. Насамрэч, у значнай ступені зборнік агульна ўводзіць чытача ў праблемы беларускай нацыянальнай царквы і з’яўлення перакладу Бібліі на беларускую мову.

Так, заслугоўвае асаблівай увагі артыкул прафесара Захара Шыбекі, у якім той знаёміць чытача з актуальнай рэлігійнай сітуацыі ў краіне і імкнецца паказаць месца пратэстантызму ў сучасным беларускім грамадстве. Выяўляецца, што пратэстанцкія асяродкі (асабліва пяцідзесятнікі і баптысты) за апошнія два дзесяцігоддзі перажылі найбольш дынамічны рост і зараз па праву займаюць другую пазіцыю па колькасці зарэгістраваных грамадаў у краіне, саступаючы, пры гэтым нязначна, толькі праваслаўным. Безумоўна, аўтар імкнуўся правесці паралель са становішчам евангельскіх хрысціян у Заходняй Беларусі ў 1920–30-я гг., а значыць і з часам актыўнай дзейнасці Дзекуць-Малея. Але ўсё ж не гэта, а менавіта праблема фарміравання нацыянальнай беларускай царквы, найбольш цікавіць прафесара Шыбеку.

Цэнтральнай гэтая праблема становіцца і ў артыкулах іншых аўтраў зборніка: Андрэя Ўнучака, Юрыя Бачышчы, Уладзіміра Ляхоўскага і Андрэя Чарнякевіча. Згаданыя аўтары пры гэтым не толькі звяртаюцца да асобы Лукаша Мікалаевіча, але і своеасабліва інтэрпрэтуюць праз прызму яго постаці актуальнае для беларускага нацыянальнага руху ў 1918–1939 гг. пытанне нацыянальнага адраджэння. На нашу думку, гэта мае такі ж эфект і на чытачоў-сучаснікаў у сувязі з асобай Лукаша Дзекуць-Малея.

З тэкстаў зборніка паўстае карціна актыўнай дзейнасці Дзекуць-Малея ў справе абароны і пашырэння беларускага школьніцтва ў Гародні ў 1918–1920 гг., яго словы на карысць усведамлення вернікаў праз пропаведзі па-беларуску ў асяродку беларускіх і не толькі беларускіх евангельскіх хрысціянаў ў міжваенны час. Поруч з гэтым можам знайсці і фотаздымкі з хрысціянскімі заклікамі па-расійку, адсылкі да актыўнай супрацы з польскімі вернікамі і т.п. Тым не менш штодзённае змаганне Лукаша Мікалаевіча за беларускую нацыянальную царкву было найважнейшай галіной яго дзейнасці. Менавіта таму, відаць, ён і рупіўся аб выданні і пашырэнні Новага Запавету на беларускай мове.

Застаюцца пытанні, чым гэтае змаганне было для Дзекуць-Малея, з якога часу ён набыў трывалую беларускую самасвядомасць, ці меў ён свой праект беларускай нацыянальнай царквы. На жаль, адказы на гэтыя пытанні не вынікаюць з тэкстаў зборніку.

Як вынікае з інтэрв’ю Андрэя Унучака, нельга дакладна сказаць, калі ў Лукашы Мікалаевічы, ўраджэнцы Слонімшчыны, прачнуўся шчыры беларус, але неаспрэчным з’яўляецца тое, што па яго вяртанні на Радзіму недзе напрыканцы 1918 г. ён ужо меў сталыя беларускія погляды. Яго беларускасць была шчырай, глыбокай і бясспрэчнай: гэта было пытанне завершанага каштоўнаснага і духоўнага выбару. Праявілася гэта моцна і падчас яго пастарскага служэння на Берасцейшчыне (Унучак, 2013).

Лукаш Дзекуць-Малей дбаў аб прызнанні, укараненні і пашырэнні беларускай мовы ў царкоўным жыцці. Удакладнім, што ва ўмовах, калі за прызнанне беларускай мовы ў пратэстанцкім асяродку неабходна было змагацца, у Лукаша Мікалаевіча не было, паводле А. Унучака, разумення яго служэння як прыманне ўдзелу ў буданаванні беларускай нацыі як нечага новага. Для нас вельмі важна, што ў яго як плённага ўдзельніка нацыябудавання не было адчування, што беларускі нацыянальны праект быў нечым выключна мадэрным, але гэта ўспрымалася ім як праца ўнутры ўжо існуючай здаўна і замацаванай гістрарычнай традыцыі (Унучак, 2013).

З іншых пытанняў без адказу застаюцца і тое, ці было ў Дзекуць-Малея завершаннае ўяленне пра беларускую нацыянальаную царкву. Толькі гіпатэтычна, можна гаварыць аб яго праекце беларускай евангельскай царквы. У гэтым аспекце мы дазволілі б сабе падкрэсліць складанасць праблемы прыярытэту паміж нацыянальнай мовай і служэннем Богу (пропаведзі Слова Божага) у жыцці хрысціяніна. Мяркуем, што тое ж пытанне было няпростым і для Дзекуць-Малея. Між тым, канечне, даводзіца пагадзіцца з А. Унучакам, што пытанне мовы – гэта пытанне каштоўнаснага і асабістага выбару, і прызнанне складанага характару светабудовы.

Вяртаючыся да зместу зборніку, трэба аддаць належнае яго аўтарам і ўкладальнікам: ён пралівае святло на многія малавядомыя з’явы ў беларускім нацыянальным руху. Аднак нельга не заўважыць таго, што вольна ці нявольна задачы ў зборніку пастаўлены шырэй – ён як бы ўводзіць нас у кантэкст беларускага пратэстанцкага пытання і праблемы месца пратэстанызму ў Беларусі. А ў гэтым кантэксце – гэта і гісторыя перакладу Святога Пісання на нацыянальныя мовы, і расповяд пра служэнне і жыццё Лукаша Дзекуць-Малея і яго сына, доктара Данілу Дзекуць-Малея, і згаданы вышэй тэматычны артыкул З. Шыбекі.

Цяжка пагадзіцца з апошнім у тым, што нацыянальнай царквой для Беларусі можа стаць злучэнне канфесійных хрысціянскіх арганізацый («цэркваў») на яе тэрыторыі. Нельга назваць нацыянальнымі на дадзены момант таксама і ўніяцкую, ці нейкую пратэстанцкую, ці каталіцкую, ці тым болей праваслаўную царкву ў Беларусі.

Хоць часамі і крыху цьмяна, але аўтары зборніка рознабакова прадстаўляюць нам постаці такіх рупліўцаў–будаўнікой нацыянальнага дому як Лукаш Дзекуць-Малей і Антон Луцкевіч. Дарэчы, апошняму ў зборніку невыпадкова прысвечана шмат месца. Адсюль мы можам даведацца аб яго хрысціянскіх поглядах, вялікай ролі ў першым перакладзе Новага Запавету на беларускую мову. Аўтары зборніку пакідаюць цэлы шэраг адкрытых пытанняў, але гэта ніяк не змяншае яго значэнне у галіне агульнага беларусазнаўства.

 

 

Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі

1. Унучак. А (2013). Інтэрв’ю аўтару, травень 2013 г.

 

Check Also

Восьмы Кангрэс пераносіцца на 2019 год

Пасля працяглага працэсу кансультацый і падрыхтоўчых захадаў Арганізацыйны камітэт вымушаны аб’явіць, што Міжнародны Кангрэс даследчыкаў ...

Яндекс.Метрика