Маладосць, ахвяраваная Беларусі

Уладзiмiр  Ляхоўскi._1Агляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

Ляхоўскі Уладзімір (2012). Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове ХІХ ст. – 1-й палове ХХ ст. (да 1939 г.). Беласток – Вільня: Беларускае гістарычнае таварыства – Інстытут беларусістыкі, 483 с. 

Агляд падрыхтаваны Андрэем Вашкевічам.

Уладзімір Ляхоўскі належыць да ліку тых малапрыкметных падзвіжнікаў, на якіх трымаецца ўся беларуская гістарычная навука. Усё ягонае жыццё – гэта архівы, старыя дакументы, рукапісы, фотаздымкі. Яшчэ цягам апошніх дзесяці гадоў мінулага ХХ стагоддзя бадай што ў кожным нумары легендарнай “Спадчыны” ўдзячнага чытача чакала чарговая сенсацыйная публікацыя гэтага тады яшчэ зусім маладога гісторыка. І Уладзімір Ляхоўскі ніколі свайго чытача не расчароўваў, з гонарам рэалізуючы праекты, кожнага з якіх хапіла бы на цэлую навуковую біяграфію. Гэта былі зборнік дакументаў, прысвечаны Слуцкаму збройнаму чыну, фільм пра С. Булак-Балаховіча або дасюль ненадрукаваны некалькітомнік БНРаўскіх фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Ужо не кажучы літаральна пра сотні навуковых артыкулаў і публікацый дакументаў.

Але прыходзіць час збіраць камяні і пачынаць абагульняць зробленае ў салідных навуковых манаграфіях або большых па памерах папулярных выданнях. І кнігу “Ад гоманаўцаў да гайсакоў…” сапраўды можна разглядаць як своеасаблівы перавал у навуковай працы аднаго з самых выдатных знаўцаў гісторыі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху першай паловы ХХ ст.

Маладосць – складаная сацыялагічная катэгорыя, і часцяком даволі цяжка адназначна сказаць, каго можна лічыць прадстаўніком моладзі, а каго не, аднак у барацьбе беларусаў за сваё нацыянальнае вызваленне роля маладых настолькі вялікая, што часам робіцца ўражанне, што беларушчына – гэта асаблівы “вірус”, які чапляецца толькі да маладых, і шмат каго забірае з гэтага свету акурат у маладым узросце. Кастусь Каліноўскі загінуў на царскай шыбеніцы ў 26 гадоў, Браніслаў Тарашкевіч выдаў першую беларускую граматыку ў тым самым узросце, Тамаш Грыб у 25 гадоў кіраваў разгалінаванай беларускай эсэраўскай арганізацыяй а беларускі падпольшчык Янка Філістовіч у тым самым узросце загінуў у сталінскай турме.

У абставіны ўзнікнення, дзейнасці і ідэйнай эвалюцыі першых беларускіх маладзёвых арганізацый і ўводзіць нас манаграфія Ул. Ляхоўскага. Кніга падзелена на пяць частак паводле праблемна-храналагічнага прынцыпу: беларускі маладзёвы рух у часы Расійскай імперыі; дзейнасць маладзёвых арганізацый у 1914 – 1921 гг.; беларускія маладзёвыя актывісты ў СССР; заходнебеларускія маладзёвыя структуры і беларускі студэнцкі рух на эміграцыі.

Фактычна такая структура кнігі адпавядае і храналогіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, прапанаванай аўтарам. Структура гэта абапіраецца ў большай ступені на храналогію існавання дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, але фактычна адпавядае класічнай канцэпцыі асноўных фазаў нацыянальнага руху прапанаванай чэшскім гісторыкам Міраславам Грохам: фаза А – папярэдняя навуковая дзейнасць, фаза В – пераход да масавай агітацыі, фаза С – масавы нацыянальны рух (Hroch, 2000).

У перыяд развіцця беларускага нацыянальнага руху ў часы Расійскай Імперыі (1795 – 1914) аўтар уключае як дзейнасць маладых студэнтаў-навукоўцаў з Віленскага ўніверсітэту 1820-х гг., якія галоўным чынам вывучалі беларускую культуру і гісторыю, так і выдаўцоў “Гомона” і “Нашай Нівы”, якія працавалі непасрэдна над фармулёўкай беларускай нацыянальнай ідэі і яе прапагандай. Перыяд Першай сусветнай і савецка-польскай войнаў 1914 – 1921 гг. быў часам, калі беларускі рух не паспеўшы разгарнуцца ў фазе В, вымушаны быў пераходзіць да масавай фазы С, фазы непасрэднай барацьбы за нацыянальную дзяржаўнасць. Наступны перыяд 1921 – 1939 гг. беларускі рух, у тым ліку і маладзёвы, існаваў ужо як масавы, хаця і на тэрыторыі БССР і ў Заходняй Беларусі яго развіццё пастаянна спрабавалі прыпыніць.

Важна, што У. Ляхоўскі атаесамляе беларускі нацыянальных рух не з нацыяналізмам, а з больш шырокім з’явішчам, падмуркам якога з’яўляюцца імкненне да культунага рэнесансу ўсіх народаў краю (у тым ліку рускіх, палякаў, татар, яўрэяў, якія досыць актыўна ўдзельнчалі ў працы беларускіх маладзёвых арганізацый таго часу). “Беларускі патрыятызм атаесамляецца не толькі з беларускім этнасам, а з усімі этнічнымі супольнасьцямі, што разам жывуць на гэтай зямлі не адно стагоддзе. Беларускі патрыятызм – гэта непарыўная повязь з беларускай гістарычнай і культурнай традыцыяй, якая склалася на ўмовах культурнай і рэлігійнай талерантнасці. Беларускі патрыятызм – гэта жаданне свабоды, гэта змаганне за свабоду ўсіх грамадзян краіны не зважаючы на іх этнічнае паходжанне і веравызнанне,” – сцвярджае У. Ляхоўскі.

Аўтар не толькі прыводзіць асноўныя звесткі аб шматлікіх беларускіх маладзёвых арганізацыях, але і аналізуе іх ідэалогію, або, лепш сказаць, ідэйную скіраванасць, той шлях, якім тая або іншая маладзёвая групоўка імкнулася ісці да запаветных мэтаў – народнай асветы і незалежнасці Беларусі. Гэта асабліва важна, паколькі беларускі рух той пары, як, дарэчы і сёння, не вылучаўся асаблівым адзінствам. Аднак аўтар нікога не адкідвае, нікога не пазбаўляе права на гістарычны унёсак у беларускі рух.

Шукаць недахопы ў падобнага кшталту працах – няўдзячная справа і, прызнаюся шчыра, я знайшоў у гэтай кнізе ўсе беларускія маладзёвыя арганізацыі, пра якія даводзілася чытаць або бачыць архіўныя матэрыялы раней. А вось разгорнутых нарысаў пра многія структуры раней чытаць не даводзілася. Маючы нават толькі некалькі фактаў пра такія маладзёвыя суполкі, як студэнцкія арганізацыі ў Пулавах, Маскве, Варшаве, Тарту або першыя сацыялістычныя гурткі, аўтар добрасумленна сістэматызаваў іх і ўключыў у сваю манаграфію. Таму кніга можа разглядацца таксама і як энцыклапедыя беларускага маладзёвага руху той пары.

У кнізе згадваюцца больш за паўсотні беларускіх маладзёвых арганізацый канца ХІХ – першых чатырох дзесяцігоддзяў ХХ ст. Найбольш значным з іх прысвечаны аб’ёмныя нарысы. Гэта Гродзенскі гурток беларускай моладзі, так званая мінская “Беларуская хатка”, Беларускі студэнцкі саюз, вучнёўскія арганізацыі заходнебеларускіх гімназій, Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, усходнебеларускія “Маладняк” і “Узвышша” і многія іншыя. Шмат старонак прысвечана студэнцкай і, шырэй, маладзёвай беларускай прэсе той пары.

Канешне, вылучыць менавіта маладзёвы кампанент ў дзейнасці беларускіх арганізацый часам няпроста і самому аўтару, бо адна справа, калі размова ідзе пра такія ў прынцыпе маладзёвыя структуры, як студэнцкія гурткі, а другая справа, калі размова заходзіць, скажам, пра Таварыства беларускай школы або Беларускую сялянска-работніцкую грамаду. Аднак калі узгадваеш фотаздымкі сяброў ТБШоўскіх арганізацый, дзе на аднаго вусатага дзядзьку прыходзілася дзесяць маладых натхнёных хлопцаў, то і гэтае пытанне да аўтара само па сабе здымаецца.

Аўтар не толькі апісвае, але і аналізуе тагачасную рэчаіснасць. Асабліва цікавы ў гэтым сэнсе падраздзел: “Ва ўмовах польскага панавання: паміж камуністамі і хадэкамі”. Тут аўтар робіць важныя высновы аб тым, што галоўнай задачай як польскай, так і савецкай прапагандысцкай машын была фактычная ліквідацыя беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і беларускія дзеячы, асабліва моладзь, часта выступалі ў гэтай геапалітычнай гульні ў якасці разменных манет. Гэтаму, на думку У. Ляхоўскага, у значнай ступені спрыяла і празмерная палітызаванасць тагачасных беларускіх асяродкаў.

Старэйшыя беларускія дзеячы, замест таго, каб класці галоўныя высілкі на пашырэнне нацыянальнай ідэі, асвету і выдавецтва, уцягвалі моладзь у сумніўныя палітычныя праекты, сапраўднымі ініцыятамі якіх найчасцей з’яўляліся савецкая і польская разведкі. Гэта асабліва добра бачна на прыкладзе моладзі, якая масава папаўняла шэрагі Беларускай сялянска-работніцкай грамады і Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, пасля ўцякала ў БССР, дзе мэтанакіравана нішчылася НКУС. Толькі частка беларускай моладзі не дала сябе прыцягнуць савецкай прапагандзе і папаўняла шэрагі Беларускага студэнцкага саюзу, структур Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры.

У кнізе адсутнічаюць прамыя спасылкі на крыніцы і літаратуру, што аўтар тлумачыць найперш навукова-папулярнай формай выкладання матэрыялу і падрыхтоўкай асобнай манаграфіі па тэме, якую плануе хутка выдаць. Затое напрыканцы прыводзіцца ўражваючы колькасцю пазіцыяў спіс літаратуры і крыніц. Толькі адных архівасховішчаў у ім указана дзевяць. Вельмі дапаможа чытачам таксама і грунтоўны біяграфічны паказальнік.

Дарэчы, выкарыстаны аўтарам навукова-папулярны жанр не новы для беларускай гістарычнай літаратуры. Асабліва папулярны ён быў у першай палове 1990-х гг. у часы выхаду часопісаў “Спадчына”, “Беларуская мінуўшчына”, шматлікіх кніжак серыі “Нашы славутыя землякі”. Стыль аўтара дадае матэрыялу лёгкасці ўспрымання і гэта цалкам апраўдана паколькі галоўнай сваёй мэтавай аўдыторыяй У. Ляхоўскі лічыць усё ж не даследчыкаў, а менавіта моладзь.

Асобна трэба выказацца пра канцэпцыю фотаздымкаў. Яны тут – не дадатак да кнігі, а яе самастойная частка, вынік шматгадовых пошукаў і збірання не толькі самога аўтара, але і шматлікіх ягоных сяброў і калегаў. Здымкаў у манаграфіі сотні, дзясяткі з іх публікуюцца ўпершыню.

Галоўны творчы здабытак аўтара – першая сістэматычная гісторыя беларускга маладзёвага руху, напісаная на аснове адшуканага і апрацаванага ім жа велізарнага фактычнага матэрыялу. Галоўная выснова кнігі – тэза аб незнішчальнасці беларускага руху, нават на фоне той выключна спецыфічнай для еўрапейскіх нацыянальных рухаў перарванасці, калі новую хвалю беларускага руху падымалі праз дзесяцігоддзі не нашчадкі ранейшых актывістаў, а моладзь, якая працяглы час падвяргалася паланізацыі і русіфікацыі.

Большасць з дзеячоў беларускага руху, каго мы бачым на здымках у кнізе Ул. Ляхоўскага, так і пайшлі з жыцця маладымі. Актывістаў, якія станавіліся на чале нацыянальнага руху ў барацьбе за незалежнасць, не чакала простае жыццё. Гэта было жыццё падпарадкаванае ахвярнай працы. Ул. Ляхоўскі сваёй манаграфіяй робіць вялікі ўклад не толькі ў вывучэнне барацьбы беларусаў за сваю дзяржаўнасць, але зусім ясна і проста аднаўляе здавалася б страчаную пераемнасць паміж тымі, хто ахвяраваў сабой для Беларусі многа гадоў таму, і хто церпіць за яе сёння. У гэтым ягоная асаблівая заслуга.

 

Літаратура, якая згадваецца ў аглядзе

  • Miroslav Hroch (2000). Social Preconditions of National Revival in Europe. A Comparative Analysis of Social Composition of Patriotic Groups among the Smaller European Nations. New York, Columbia University Press.

 

Check Also

Восьмы Кангрэс пераносіцца на 2019 год

Пасля працяглага працэсу кансультацый і падрыхтоўчых захадаў Арганізацыйны камітэт вымушаны аб’явіць, што Міжнародны Кангрэс даследчыкаў ...

Яндекс.Метрика