Даследчы семінар 28 лютага: “Абласныя саветы і структура рэгіянальных эліт, 1999-2010”

Даследчы семінар “Палітычнай сферы” дзейнічае для прафесійнай камунікацыі і абмену ідэямі ў сферы вывучэння палітыкі, удасканалення метадалогіі і стратэгіі аналізу палітычных працэсаў. На семінары праводзяцца прэзентацыі актуальных вынікаў палітычных, сацыяльных і эканамічных даследаванняў. План працы даследчага семінара “Палітычнай сферы” на першае паўгоддзе 2013 г.

28 лютага адбудзецца чарговы даследчы семінар Інстытута “Палітычная сфера”. Дырэктар Інстытута “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч і даследчык інстытута Вадзім Смок прадставяць вынікі даследавання абласных саветаў за 1999-2010 гг.

У параўнанні з іншымі краінамі рэгіёна Беларусь мае надзвычай слабыя інстытуты мясцовага самакіравання, але гэта не здымае праблемы разумення структуры мясцовых эліт і вызначэння сапраўднай палітычнай ролі прадстаўнічых органаў улады. Аналіз складу абласных саветаў за апошнія дванаццаць гадоў паказвае тры відавочныя тэндэнцыі:

  • “Алігархізацыя”: абсалютнае дамінаванне дырэктараў і кіраўнікоў рознага ўзроўню
  • “Цэнтралізацыя”: вельмі моцныя пазіцыі і роля прадстаўнікоў абласнога цэнтру
  • Значныя змены ўзроставай структуры: павышэнне ролі асобаў ва ўзросце каля 50 год

У савецкія часы прадстаўніцтва ў абласных саветах было фармальным, сам склад вызначаўся штучна і вельмі нагадваў структуру грамадства – з прадстаўніцтвам працоўных, сялян, моладзі і г.д. Сучасныя абласныя саветы зусім іншыя, а уважлівы аналіз складу дазваляе, прынамсі ў значнай ступені, разглядаць іх як адлюстраванне структуры рэгіянальных эліт. Пры гэтым самі саветы, як падаецца, з’яўляюцца важнай пляцоўкай камунікацыі, інфармацыйнага абмену і лабіравання на рэгіянальным узроўні. Але наколькі гэта апраўдана, а калі апраўдана, то да якой ступені?

Менавіта гэтыя, а таксама некаторыя іншыя праблемы мяркуецца разглядзець у межах семінара на падставе падрабязнага аналізу прадстаўніцтва ў абласных саветах за апошнія дванаццаць гадоў.

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...