Банальная гісторыя беларускага нацыяналізму

kircanov_intelektualnaja_istorija_

М. Кирчанов. Интеллектуальная история беларуского национализма. Краткий очерк. – Смоленск: Книжный клуб «Посох», 2011. – 212 с.

Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”, кандыдатам сацыялагічных навук Аляксеем Ластоўскім.

_______________________________________________________________________________________

Кніга пра беларускі нацыяналізм, напісаная расійскім аўтарам, але выдадзеная ў Беларусі (нас не павінна палохаць пазначэнне Смаленска ў якасці месца выдавецтва) і, адпаведна, разлічаная найперш на беларускага чытача – з’ява ўнікальная. Бо звычайна беларускі нацыяналізм трактуецца расійскімі аўтарамі як цалкам маргінальны і недаразвіты інтэлектуальны феномен. Такія інтэрпрэтацыі могуць выдатна пакласціся ў абгрунтаванне культурнага панавання Расіі ў “Паўночна-заходнім краі”, але для айчыннага чытача такія ацэнкі ніякай пазнавальнай карысці не нясуць.

Аўтар дадзенай кнігі, Максім Кірчанаў, расійскі навуковец з Варонежа, пайшоў іншым шляхам. Ён старанна на працягу ўсёй кнігі імкнецца вытрымліваць навуковую нейтральнасць, намагаецца адмежавацца ад нейкіх каштоўнасных меркаванняў. Дапамагае яму ў гэтым скарыстанне тэарэтычнай базы сацыяльнага канструктывізму, паводле якой нацыяналізм тлумачыцца як дыскурсіўны феномен, генераваны элітамі. Адпаведна, асноўны даследчыцкі прыцэл накіраваны на разгляд і аналіз тэкстаў і вылучаных там базавых ідэй беларускага нацыяналізму. Да гэтай прынцыповай нейтральнасці аўтара можна паставіцца па-рознаму, але ў дадзенай сітуацыі яна з’яўляецца цалкам прымальным падыходам. Праўда, не паўсюль Кірчанаву на старонках кнігі атрымоўваецца яе вытрымліваць, але тое, што ён упарта і старанна імкнецца яе дасягнуць ужо само па сабе варта павагі.

Аўтар выкарыстоўвае досыць вялікую базу крыніц, і большасць з іх – беларускамоўныя. Хоць здаецца, што пераважна яны былі сабраныя метадам сёрфінгу ў інтэрнэце. Калі ўлічваць тое, што аўтар жыве ў Варонежы і выдае па пяць манаграфій у год (!!), ды прытым пра досыць далёкія рэгіёны (Бразілія, Інданезія, Латвія, Вялікабрытанія), то наўрад ці варта было б чакаць ад яго працы ў архівах ці комплекснага бібліяграфічнага агляду літаратуры. Дадамо, што ў традыцыі папулярных выданняў А. Тараса з серыі “Невядомая гісторыя”, спасылачны апарат у кнізе надзвычай хаатычны, у спісе літаратуры досыць часта прыведзены толькі назвы прац без усялякага пазначэння іх паходжання, адначасова выкарыстоўваецца некалькі альтэрнатыўных сістэмаў спасылак і гэдак далей.

Калі ўжо казаць пра афармленне выдання, то Тарас паклапаціўся і пра падбор ілюстрацый, якім часам даюцца надзвычай цікавыя подпісы. Напрыклад, фотаздымак невядомага нам чалавека чамусьці падпісаны імём дырэктара Інстытута “Палітычная сфера” Андрэя Казакевіча. Некаторыя ж подпісы пад фатаздымкамі навогул выглядаюць камічна, напрыклад: Националисты – это люди, которые любят свою землю и свой народ– і гэта ў манаграфіі, напісанай у экспліцытна канструктывісцкім ключы! Надзвычай паказальны і яшчэ адзін подпіс пад фотаздымкам: Костёл Святой Анны (за ним – костёл Вострая брама). Гэта вельмі характэрна – крычаць пра нашу віленскую спадчыну, і не мець пры гэтым ніякага ўяўлення як выглядае Вострая брама і дзе яна знаходзіцца.

Але вернемся да самога тэксту. Яшчэ адна цікавая адметнасць “Інтэлектуальнай гісторыі беларускага нацыяналізму” – гэта надзвычай высокая канцэнтрацыя вершаваных цытатаў беларускіх аўтараў. З іншага боку, і сапраўды толькі застаецца пагадзіцца з тым, што ў фарміраванні беларускага нацыянальнага руху надзвычайную ролю выканала паэзія, і таму такое перанасычэнне вершамі мае свае рэзоны.

Вось толькі любоў аўтара да шматлікіх цытатаў (і не толькі вершаваных) пакідае досыць супярэчлівае ўражанне па прачытанні. Сам жанр інтэлектуальнай гісторыі вымагае аперыравання тэкстамі і думкамі, але ж пры гэтым патрабуе і прыцягнення іншых працэдур – найперш, кантэкстуалізацыі, якая б дазволіла нам зразумець паходжанне і значэнне агучаных словаў. І ў гэтым плане кніга Кірчанава дае вельмі мала: любыя спробы кантэкстуалізацыі вельмі абмежаваныя і практычна не даюць нейкай вытлумачальнай інтэрпрэтацыі. Таму звычайна пераказ ідэй розных аўтараў разгортваецца па схеме “Х сказаў тое, потым ён сказаў яшчэ вось тое, а Y сказаў тое”. Пры гэтым спосабе разгортвання расповеду амаль цалкам губляецца генеалагічная пераемнасць, нівеліруецца складаны і супярэчлівы інтэлектуальны ландшафт нашай краіны, з канкурэнцыяй, але і з супрацоўніцтвам розных ідэйных плыняў, звязаных міжсобку працэсамі адмаўленняў і запазычанняў. Фактычна як такой “інтэлектуальнай гісторыі” тут няма, мы бачым толькі чарговы пераказ ідэй і напрацовак беларускіх гісторыкаў і мысляроў, які падаецца праз канструктывісцкую прызму, але ніякім чынам гэта не абагачае наша веданне разгляданай тэмы.

Яскравым сведчаннем максімальнай схематычнасці апісання з’яўляецца тое, што да стваральнікаў беларускага нацыяналізму адносяцца толькі Францішак Багушэвіч, Вацлаў Ластоўскі і Ігнат Абдзіраловіч. Выключна іх погляды адмыслова разглядаюцца (і то, глыбокім гэты разгляд назваць цяжка). Іншыя ж знакавыя постаці паўстаюць ужо толькі ў форме перапрацаванага пантэону нацыянальных дзеячоў. Калісьці В. Булгакава абвінавацілі ў тым, што ён максімальна абсёк гісторыю беларускага нацыяналізма, але Кірчанаў тут пайшоў яшчэ нашмат далей.

А паколькі аўтар усё ж ведае сітуацыю ў Беларусі дыстанцыйна, то час ад часу робіць вельмі спрэчныя высновы, якія можна патлумачыць толькі павярхоўным веданнем кантэксту. Напрыклад, вывад пра існаванне шматлікіх перакладаў навуковых даследаванняў па нацыяналізму на беларускую мову і пра перавагу ў гэтым аспекце над расійскай традыцыяй перакладаў (ст. 10) грэе душу, але пагадзіцца з ім не дае сумленне. Публіцыстычныя выпады некаторых беларускіх аўтараў Кірчанаў успрымае ўсур’ёз і пачынае трансліраваць чарговыя недакладнасці: кшталту, што Інстытут гісторыі НАН Беларусі прапаную версію гісторыі, якая супадае з руска-савецкім імперскім міфам (ст. 172). І такіх спрэчных месцаў досыць шмат. Па ідэі яны павінны былі быць адсечанымі навуковым рэдактарам з Беларусі, але паколькі такі адсутнічае, то і блыхі паўзуць у розныя бакі.

Адзначу, што пры згаданай вышэй нейтральнасці ў дачыненні да беларускага нацыяналізму, аўтар відавочна мае нейкія відавочныя прэтэнзіі да палякаў. Паколькі цалкам бяздоказнымі выглядаюць пасажы пра тое, што галоўная мэта польскіх СМІ, урадавых і грамадскіх арганізацый – праз павялічэнне польскай прысутнасці адарваць ад нашай краіны Гродзенскую і Брэсцкую вобласці (ст. 117); што польскае і прапольскі арыентаванае насельніцтва краіны складае каля 10% і мае тэндэнцыю да павялічэння (ст. 129-130). Выснова, што фактически создается инфраструктура польского влияния, чтобы с ее помощью при определенных условиях достичь в этих регионах цели-максимума: раздуть религиозно-этнический конфликт по «косовскому варианту», отторгнуть их от Беларуси и передать Польше» т. 130) была б натуральнай для артыкулу ў газетах кшталту “Славянский набат”, але на агульным фоне больш-менш бесстароннага апісання гэтыя палонафобскія матывы выглядаюць вельмі дзіўна.

Калі паспрабаваць знайсці асноўныя станоўчыя якасці ў разгляданай кнізе, то я б сказаў, што яе можна выкарыстоўваць у якасці ўводзінаў у праблематыку беларускага нацыяналізму і нацыянальных ідэалогій для чытача, які зусім з ёй не знаёмы. Сапраўды, скампіліраваны досыць вялікі аб’ём матэрыялаў, і можна ўжо не пераварочваць тоны тэкстаў, а на падставе дадзенай працы наўпрост адшукваць патрэбныя крыніцы. Але сам змест інтэлектуальных дыскусій пра нацыю і нацыяналізм, якія разгортваліся ў Беларусі, пададзены вельмі павярхоўна, і таму застаецца раіць усё ж пры магчымасці чытаць першакрыніцы. Напэўна, найбольш кніга прыдатная для расійскага чытача, які не чытае па-беларуску.

Але што сапраўды выклікае сум пасля прычытання кнігі – гэта поўная адсутнасць свежых думак і цікавых высноваў. Прымяненне канструктывісцкага апарату для разгляду беларускага нацыяналізму – далёка не наватарскі і даўно ўжо не арыгінальны ход. І вось “Інтэлектуальная гісторыя беларускага нацыяналізму” дастаткова прадказальная па змесце, і нават асноўныя недакладнасці лёгка апазнаюцца па тутэйшым паходжанні.

Check Also

Восьмы Кангрэс пераносіцца на 2019 год

Пасля працяглага працэсу кансультацый і падрыхтоўчых захадаў Арганізацыйны камітэт вымушаны аб’явіць, што Міжнародны Кангрэс даследчыкаў ...

Адзін камэнтар

  1. Максим Кирчанов

    Кніга, выдадзеная ў Мінску, з’яўляецца скарочанай версіяй першапачатковага тэксту. З кнігі амаль знік бібліяграфічныя-даведачны апарат. Акрамя гэтага ў тэксце з’явіліся ўстаўкі рэдактара. Выдадзены тэкст вельмі силько адрозніваецца ад першапачатковай версіі. Поўная версія кнігі ў 2012 годзе выйшла на рускай мове ў Германіі.
    Заўвага адносна фатаграфій – згодны, яны былі падабраныя рэдактарам. Кнігу з фатаграфіямі і подпісамі да іх я ўбачыў толькі пасля таго як тыраж быў надрукаваны.
    Гэта мяне і падштурхнула падрыхтаваць поўную версію.
    Адносна архіваў: архівы – гэта цікава, але я не зусім разумею якое дачыненне яны маюць да сучаснай гістарыяграфіі. Калі мы за пазітывізм і лінейныя схемы гісторыі – тады архівы напэўна патрэбныя. Канструктывісцкае разуменне гісторыі іншае. Няма цэласнай і адзінай гісторыі, у тым ліку – і гісторыі беларускага нацыяналізму. Гісторыя заўсёды фрагментарна. У цэнтры гісторыі – не падзеі, а іх адлюстравання, ўспрымання, інтэрпрэтацыі.
    Але ў цэлым я мяркую, што калі выкарыстоўваць іншыя крыніцы – гісторыя беларускага нацыяналізму можа быць іншай, але вялікая небяспека, што мы атрымаем чарговы пазітывісцкі опус.

    З нагоды разнастайнай тэматыкі маіх публікацый: а Вы не спрабавалі працаваць у правінцыйным універсітэце, чытаць тэматычна вельмі разнастайныя курсы, калі начальства паказвае Вам на тое, што ёсць план – адпаведна трэба пісаць і пярэчанні ў такой сітуацыі … ну самі ведаеце, якія могуць пярэчанні …

Яндекс.Метрика