Тэорыя і метадалогія асобнай кафедры

06_political-scienceРешетников, C.В. (2009). Политическая наука в БГУ: теоретико-методологические и прикладные аспекты. Минск: БГУ. 175 с.

Агляд падрыхтаваны палітолагам, дактарантам Варшаўскага універсітэта Віктарам Кавалёвым.

_______________________________________________________________________________________

В монографии раскрывается сущность и содержание современного этапа развития политологии в Республики Беларусь как учебной и научной дисциплины. Адресуется специалистам в области политологии, магистрантам, аспирантам, докторантам высших учебных заведений.

Паводле афармлення выданне выглядае навуковым, што пацвярджаюць адпаведны надпіс на апошняй старонцы і наяўнасць двух рэцэнзентаў: доктара філасофскіх навук Льва Крыштаповіча і доктара гістарычных навук Алега Бухаўца. Але пры гэтым цяжка было б сфармуляваць анатацыю, якая б яшчэ менш адлюстроўвала змест. Кніга відавочна не раскрывае «сучаснага этапу развіцця паліталогіі ў Рэспубліцы Беларусь», яна ў прынцыпе прысвечаная іншаму. Паводле свайго характару выданне хутчэй прэзентацыйнае і можа быць цікавае галоўным чынам для супрацоўнікаў кафедры, выпускнікоў, а не для спецыялістаў у галіне палітычных навук, а таксама практыкуючых палітыкаў (с. 4).

Аўтарскага тэксту там практычна няма (толькі невялікія ўводзіны), і асноўнае месца займаюць дакументы вельмі рознага характару і прызначэння.

У кнізе можна знайсці цэлую калекцыю метадычных матэрыялаў: апісанне кваліфікацыйнай характарыстыкі «палітолаг-юрыст», планы навучальных курсаў і нават спіс тэмаў курсавых і дыпломных праектаў на дзесяці старонках (с. 56–66). Уся гэтая спецыфічная інфармацыя складае першую главу кнігі. Другую главу адкрываюць два інтэрв’ю ўкладальніка/аўтара, кіраўніка кафедры паліталогіі БДУ Сяргея Рашэтнікава: газеце «Звязда» (1997) і перыёдыку «Проблемы управления» (2002).

Затым ізноў ідуць метадычныя матэрыялы, а таксама дакументы пра навуковаю дзейнасцю і савет па абароне дысертацыяў. На завяршэнне прыводзяцца кароткія біяграфічныя звесткі пра прадстаўнікоў паліталагічнае супольнасці Беларусі і спіс выпускнікоў кафедры паліталогіі БДУ з 1997 да 2007 г.

Выданне пакідае вельмі дзіўнае ўражанне. З аднаго боку, кніга ўтрымлівае матэрыял, на падставе якога можна аналізаваць развіццё палітычнай навукі Беларусі (дакладней, аднаго яе сегменту), але пры гэтым змешчаныя дакументы разнародныя, часта мала інфарматыўныя і бюракратычныя, а публікацыя шэрагу матэрыялаў выклікае здзіўленне.

Калі змешчаная інфармацыя адэкватна адлюстроўвае працу кафедры, то складаецца адчуванне (якое цалкам пацвярджаецца падрабязным аналізам тэкстаў), што кафедра ўстойліва функцыянуе выключна як метадычная і адукацыйная ўстанова. Шкада, бо ў 1990-я гг. на кафедру і супольнасць, якая паўставала вакол яе, ускладаліся вялікія акадэмічныя надзеі.

Першае, што кідаецца ў вочы – логіка кнігі цалкам выключае з поля “палітычнай навукі БДУ” міжнародныя адносіны (адпаведны факультэт і кафедры), а таксама іншыя формы даследавання (выкладання) палітыкі. Палітычная навука ў БДУ раўнуецца кафедры паліталогіі, часам нават ствараецца ўражанне, што кафедра паліталогіі БДУ, паліталогія ў БДУ і паліталогіі ў Беларусі – гэта адное і тое ж.

Асаблівай увагі ў звязку з гэтым заслугоўвае акрэсленне ў кнізе паняцця «паліталагічная супольнасць» (с. 4, 148–170). Хто ж у яе трапляе і на якіх падставах? Па-першае, выданне ўключае ў яе ўсіх дактароў палітычных навук, які абараніліся ў БДУ, незалежна ад месца працы. У пералік уваходзіць нават Вячаслаў Агееў з Калінінградскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту (Расія), для якога Беларусь – гэта толькі месца абароны дысертацыі.

Акрамя дактароў навук у “супольнасць” трапляюць усе выкладчыкі кафедры – ад прафесараў да асістэнтаў, незалежна ад наяўнасці ступені, публікацыяў і досведу працы. Дактары і выкладчыкі дапаўняюцца яшчэ чатырма асобамі. Гэтым склад беларускай паліталагічнай супольнасці абмяжоўваецца. Большасць, навукоўцаў, якія працуюць у дысцыпліне political science, проста не згадваецца. Гэта ў поўнай ступені датычыць як дзяржаўных і тым больш недзяржаўных навучальных і даследчых інстытуцыяў.

Прэзентацыя навуковай дзейнасці ў выданні выглядае таксама вельмі дзіўна, прынамсі значных відавочных вынікаў такой працы не дэманструецца – і гэта ва ўстанове, якая прэтэндуе на статус «школы» і асноўнага цэнтру палітычнай навукі ў Беларусі.

Стан даследчай дзейнасці можна ацаніць на аснове «Анкеты навуковай школы ў галіне палітычных навук» (такая школа, як сцвярджаецца, склалася на кафедры паліталогіі БДУ). Дакумент датуецца 29 лістапада 2006 г. Асноўныя даследчыя кірункі фармулююцца наступным чынам: сацыяльна-палітычныя аспекты палітычных даследаванняў, методыка і тэхніка палітычных даследаванняў, параўнальныя даследаванні палітычных сістэм (с. 115). Але, як падаецца, збольшага гэты спектр застаецца дэкларатыўным.

Напрыклад (с. 120–121), за пяць гадоў працы школы (2001–2006 гг.) выйшлі 10 манаграфіяў, 10 падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, 24 метадычныя дапаможнікі ды 4 навучальныя праграмы. Такім чынам, уласна навуковая прадукцыя складае дзесяць манаграфіяў, пры гэтым колькасны склад школы – сорак чалавек. Калі паглядзець на спіс асноўных публікацыяў, то ён пакідае яшчэ больш дзіўнае ўражанне. Пералік уключае не дзесяць, а дзевяць пазіцыяў, пры гэтым дзве манаграфіі напісаныя расійскім аўтарам, Вячаславам Агеевым, дзве былі напісаныя ў 1996 г. такім чынам, у 2001–2006 гг. сорак навукоўцаў школы выдалі толькі пяць манаграфіяў. Лічбы, калі яны адпавядаюць праўдзе, проста бянтэжаць.

Не менш праблемным выглядае і такі пункт, арганізацыя навуковых канферэнцыяў (с. 123–124). Тут пазначаныя дзве канферэнцыі ў Горадні, адна ў Екацерынбурзе і адна ў Маскве. Ніводнай канферэнцыі ў Менску на базе кафедры, ніводнай за пяць гадоў.

Акадэмічнае прызнанне школы звязана выключна з адукацыйнаю дзейнасцю. У кнізе называюцца толькі прэмія за развіццё здольнасці таленавітай моладзі (Сяргей Рашэтнікаў у 2002 г.) і дзве прэміі за падрыхтоўку пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх працаў (Алена Грэчнева і Тацяна Салавей у 2006 г.).

Узровень прысутнасці «школы» ў навуковых радах акадэмічных часопісаў, калі верыць апублікаванай інфармацыі, таксама дастаткова нізкі. З усіх сарака прадстаўнікоў школы, толькі два – Сяргей Рашэтнікаў і Леанід Землякоў – уваходзяць у склад навуковых радаў. У саветы па абароне дысертацыяў уваходзяць тры прадстаўніка школы.

У выданні адзначаецца, што даследаванні кафедры на 90 % маюць фундаментальны характар. Але што гэта за даследаванні, застаецца нявысветленым. Ці ўсё завяршаецца напісаннем падручнікаў і складаннем навучальных праграмаў? Адказаць на гэта пытанне дастаткова складана, дакументы, прадстаўленыя ў кнізе, гэта не дазваляюць.

Выключэннем з’яўляецца змешчаная ў кнізе заяўка на грант у Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў за 1998 г. Ці не значыць гэта, што з 1998 і да выдання кнігі кафедра не мела ніводнага значнага даследчага праекту?

Уважлівы даследчык любы тэкст мусіць успрымаць як крыніцу веды. Рэцэнзаваная кніга, відавочна, уяўляе з сябе прэзентацыйнае выданне, нягледзячы на пастаўленую ва ўводзінах “навуковую” задачу. Тым не менш, змест гэтых дакументаў дастаткова паказальны.

Па-першае, ён можа дэманстраваць высокую ступень ізаляванасці кафедры ад паліталогіі па-за яе межамі (за выключэннем, магчыма, Акадэміі кіравання). Пры гэтым праз выданне сістэмна праходзіць ідэя пра ўнікальнасць, цэнтральнае месца і вядучыя пазіцыі кафедры.

Па-другое, выданне паказвае амаль выключную засяроджанасць кафедры на навучальным працэсе. Прасачыць значную (для калектыву такога памеру) навуковую дзейнасць нам, на жаль, не ўдалося, як і вызначыць даследчы профіль.

Магчыма, гэта звязана з тым, што выданне не поўнае і не ўтрымлівае дадатковай істотнай інфармацыі, а частка змешчаных звестак ужо састарэла. Але ж у гэтай рэцэнзіі мы сыходзім толькі з тэксту, які не дае, падставаў для пазітыўнай інтэрпрэтацыі ды выклікае адпаведныя развагі пра стан афіцыйнай палітычнай навукі ў Беларусі.

Поўную версію рэцэнзіі гл. Вiктар Кавалёў. Тэорыя і метадалогія асобнай кафедры // Палітычныя сфера № 15, 198-204

Check Also

Восьмы Кангрэс пераносіцца на 2019 год

Пасля працяглага працэсу кансультацый і падрыхтоўчых захадаў Арганізацыйны камітэт вымушаны аб’явіць, што Міжнародны Кангрэс даследчыкаў ...

Яндекс.Метрика